Забарона канцэртаў: арганізатары імпрэзаў напісалі ліст у Менгарвыканкам


Алесь Дзянісаў, які мае праблемы з выступамі ў Менску, як і ягоны гурт «Dzieciuki»

Беларускія арганізатары канцэртаў аб’ядналіся, каб выказаць сваё стаўленне да дзейнасці ідэолагаў.

«З адмовай у выдачы гастрольнага пасведчання сутыкаліся практычна ўсе актыўныя беларускія прамоўтары, як толькі была ўведзеная такая практыка ў 2013 годзе. Дагэтуль непажаданыя мерапрыемствы забараняліся проста па тэлефоне, без ніякіх папяровых сведчанняў», – піша сайт «TuzinFM».

І нагадвае, што першая задакументаваная забарона ў Беларусі па цэнзурных прычынах здарылася ў 2014 годзе, калі ідэолагі адмовілі арганізатарам канцэрту гурта «Амарока».

У гэтай і далейшых адмовах чыноўнікі кіраваліся пунктам «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», паводле якога забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў:

  • якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасці
  • якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзянаў
  • з парушэннем патрабаванняў гэтага Палажэння і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў.

У 2016 годзе ў Беларусі ўвялі Кодэкс аб культуры, з гэтага моманту ідэолагі сталі адмаўляць у выдачы гастрольных пасведчанняў на «падставе рашэння мастацкай камісіі». Такім чынам, напрыклад, забаранілі сольны выступ Алеся Дзянісава. Прычым склад гэтай камісіі не раскрываўся і аніякіх дадатковых тлумачэнняў не давалася. І толькі дзякуючы судовай справе атрымалася дазнацца прозвішчы людзей, якія вызначаюць мастацкі ўзровень. Усе яны апынуліся дзяржслужачымі. На той суд супраць ідэолагаў не прыйшоў ніводны арганізатар канцэртаў. Больш за тое, большасць прамоўтараў лічылі за лепшае не агучваць публічна тое, што ім забаранілі той ці іншы канцэрт. І вось сёлета арганізатары канцэртаў вырашылі.

Павал Скалабан, да 1.06.2018 кіраўнік ідэалагічнага ўпраўлення Менгарвыканкаму. Як правіла за ягоным подпісам былі аформленыя адмовы ў гастрольных пасведчаннях

Сёлета лік адмоваў у гастрольных пасведчанняў, якія мае выдаваць Менгарвыканкам, пайшоў на сотні, піша «TuzinFM». І ўсе – па прычыне «нізкага мастацкага ўзроўню». Пасля скандалу з канцэртам расейскага рэпера «Face» за справу ўзялася Генеральная пракуратура. Па выніках іх праверкі быў забаронены, напрыклад, выступ расейскага выканаўцы «Элджэя».

Гэтая сітуацыя падштурхнула беларускіх прамоўтараў да калектыўнага звароту ў Менгарвыканкам. Ініцыятарам выступіў арт-дырэктар клубу «Ili» Павел Юрцэвіч.

Віталіна Рудзікава, з 2010 году начальнік упраўлення культуры Менгарвыканкаму

Ён тлумачыць, што гэты ліст пакуль не пераследуе мэты змяніць існы парадак справаў. У ім акрэсліваецца патрэба высьветліць фармулёўку «нізкі мастацкі ўзровень», якой карыстаюцца чыноўнікі. Арганізатары просяць чыноўнікаў даць поўны і разгорнуты адказ на пытанне што ўваходзіць у паняцце «нізкі мастацкі ўзровень» і ў выпадку адмоваў у выдачы гастрольных пасведчанняў указваць поўны пералік прэтэнзіяў да твораў, іх выканання з тым, каб не дапусціць надалей узнікнення падобных сітуацый.

«Патлумачце, якія рыфмы, тэмпы і рытмы азначаюць «нізкі мастацкі ўзровень», бо мы не разумеем», – пішуць прамоўтары.

Ліст падпісалі 12 асобаў, сярод якіх кіраўнікі некалькіх канцэртных пляцовак і арганізатары пераважна невялікіх канцэртаў. Больш буйныя прамоўтары і кіраўнікі вялікіх канцэртных агенцыяў ініцыятыву пакуль не падтрымалі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары