Арганізатар тэрактаў у Парыжы забіты, але пытанні застаюцца


Меркаваны арганізатар тэрактаў у Парыжы Абдэльхамід Абауд быў забіты падчас спецаперацыі французскага спецназу ў раёне Сэн-Дэні, паведаміў пракурор Парыжу.

Міністр унутраных спраў Францыі Бэрнар Казнёў паведаміў, што Абауд быў звязаны як мінімум з чатырма тэрактамі з шасці запланаваных на тэрыторыі Францыі, якія ўдалося раскрыць спецслужбам.

Ён таксама распавёў, што чалец экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» Абауд у мінулым годзе ездзіў ваяваць у Сірыю. Як ён вярнуўся – невядома, бо ніводная еўрапейская дзяржава не інфармавала французскія спецслужбы пра тое, што Абауд перасякаў іх межы, паведамляе Бі-Бі-Сі.

«Толькі 16 лістапада адна з не еўрапейскіх краін паведаміла нам, што Абауд быў заўважаны ў Грэцыі», – паведаміў міністр унутраных спраў. Раней паведамлялася, што прынамсі адзін з удзельнікаў нападу на Парыж пранік у Еўропу праз Грэцыю пад выглядам уцекача.

Па словах пракурора Парыжу Франсуа Малена, Абауда апазналі сярод загінулых. Аднак незразумела, падарваў ён сябе сам, выкарыстаўшы пояс смяротніка, ці яго цела моцна пацярпела падчас штурму. Ідэнтыфікаваць яго атрымалася толькі па адбітках пальцаў.

Абдэльхамід Абауд – грамадзянін Бельгіі, мараканец з паходжання. Ён вырас у прыгарадзе Бруселю Маленбэку, дзе пражываюць шматлікія выхадцы з арабскіх краін. Гэты раён мае кепскую славу: сюды ў розныя гады вялі сляды буйных тэрактаў: ​​такіх як выбух цягнікоў у Мадрыдзе ў 2004 годзе, леташні напад на супермаркет у Парыжы ці расстрэл наведнікаў музею габрэйскай культуры.

У 2010 годзе Абауд разам з іншым меркаваным удзельнікам парыжскіх тэрактаў, Салахам Абдэсламам, адбываў у бельгійскай турме тэрмін за ўзброенае рабаванне.

У 2013 годзе Абауд далучыўся да экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», прызнанай тэрарыстычнай і забароненай у шмат якіх краінах, уключаючы Расею і Вялікую Брытанію. Менавіта «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за тэракт у Парыжы.

Аперацыя ў Сэн-Дэні

Раней меркавалася, што Абауд хаваецца ў Сірыі, аднак паліцэйскае расследаванне прывяло да дома на вуліцы Рэспублікі ў парыжскім раёне Сэн-Дэні. У сераду раніцай паліцыя пачала штурм будынку. У адной з кватэр на трэцім паверсе забарыкадаваліся некалькі чалавек, завязалася перастрэлка.

Падчас штурму кватэры загінулі па меншай меры два чалавекі. Адной з іх стала жанчына, якія ўчыніла самападрыў. Па некаторых звестках, жанчына з пасам смяротніцы была стрыечнай сястрой Абауда.

Па дадзеных агенцтва «Associated», існуе запіс, на якой чуваць, як паліцэйскі пытаецца, дзе ейны бойфрэнд. Жанчына адказала рэзка: «Ён не мой бойфрэнд!» Затым чутны гук выбуху.

Па словах пракурора Парыжу, аперацыя ў Сэн-Дэні дазволіла перадухіліць яшчэ як мінімум адзін буйны тэракт. Раней паведамлялася, што яго мэтай мог стаць парыжскі квартал Дэфанс або аэрапорт.

Іншы ўдзельнік тэрактаў у Парыжы Салах Абдэслам знаходзіцца ў вышуку. Па дадзеных паліцыі, ён адправіўся ў Бельгію ў пятніцу 13 лістапада, калі ў выніку серыі выбухаў і скаардынаваных нападаў на мірных грамадзянаў загінулі 129 чалавек, яшчэ больш за 300 атрымалі раненні.

Пытанні да спецслужбаў

Новая інфармацыя, агучаная пракурорам Парыжа, спараджае новыя пытанні да службаў бяспекі.

Абауд быў вядомы спецслужбам як чалавек, які арганізаваў не толькі тэракты ў Парыжы, але і мае дачыненне да нападу ў цягніку «Thalys», які рухаўся ў Парыж з Амстэрдаму ў жніўні гэтага года.

Як чалавек, які знаходзіўся ў спісах вышуку дзвюх краін – Францыі і Бельгіі – мог здзейсніць падарожжа з Сірыі ў Францыю, апынуцца ў цэнтры Парыжу і не пакінуць ніякіх слядоў, задаецца пытаннем карэспандэнт Бі-Бі-Сі.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў