«Арабская непрыгожая, а беларуская вельмі!»: у Варшаве прайшлі першыя заняткі «Мова ці кава»


Нефармальны курс беларускай мовы, мэта якога аб’ядноўваць усіх ахвочых за кубкам чаго-небудзь, пашырыў сваю геаграфічную прысутнасць. Да беларускіх гарадоў і Масквы дадалася польская сталіца.

Нягледзячы на тэхнічныя складанасці, заняткі, якія складаліся з інтэрактыўнай і забаўляльнай частак, адбыліся. Уводную сустрэчу для больш чым пяцідзесяці слухачоў з Беларусі, Польшчы ды Украіны правялі прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Андрэй Вардамацкі і паэтка Таццяна Нядбай.

Каля дзвюх гадзінаў прысутныя знаёміліся паміж сабой і дыскутавалі на тэму будучыні матчынай мовы. Аўдыторыя падхапіла імпэт, выступіўшы з прапановай: на наступную сустрэчу кожны мае прывесці аднаго польскамоўнага і расейскамоўнага сябра.

«Я вучыла арабскую, але скажу, што арабская непрыгожая, а беларуская вельмі!»  – кажа Наталля, польская дзяўчына, якая пачала вывучаць беларускую.

 

«Па-беларуску я разумею. Мой хлопец з Беларусі, таму мяне цікавіць гэты аспект: чаму беларусы замест беларускай выбіраюць размаўляць па-расейску? Мне вельмі тут спадабалася, але не хапіла аднаго вельмі важнага элементу, як для чалавека, які не ведае беларускай – не было практычнай лекцыі мовы», – распавядае наведніца курсаў Паўліна.

«Я быў здзіўлены, што столькі народу прыйшло. Столькі інтэлігентных твараў я пабачыў! Я напэўна прыйду яшчэ і буду прамаваць курсы ў сваёй суполцы», – дзеліцца ўражаннямі Сяргей, стваральнік суполкі «Беларусы ў Варшаве».

Напрыканцы прысутных чакаў сюрпрыз – віктарына ад Віктара Шукеловіча. Журналіст не толькі спраўджваў знаёмасць этыкету па-беларуску, але і заахвочваў публіку сваімі кранальнымі аповедамі вучыць мову.

«Быў у нас у вёсцы дзядуля. Яго накіравалі ў наш калгас з Ніжняга Ноўгараду працаваць аграномам. Гэта было адразу пасля вайны. Па-беларуску ні бум-бум. Ён закахаўся ў мясцовую дзяўчыну і аднойчы дамовіўся з ёй сустрэцца. Дзяўчына сказала яму прыйсці да брамкі ў прызначаную гадзіну. А ён, бедны, не ведаў, што гэта! Увесь вечар хадзіў туды-сюды па вуліцы, а дзяўчына чакала пад брамкай каля свайго дому. Не дачакаўшыся, дзед пайшоў спаць, а на наступную раніцу пабачыў, як тая дзяўчына ходзіць пад руку ўжо з іншым мужчынам. Вось такая трагічная гісторыя».

Дыскусіі маюць стаць рэгулярнымі і ладзіцца раз на месяц. Дакладная дата, месца і тэматыка ў распрацоўцы. Вядоўцаў і выступоўцаў змогуць выбіраць самі «вучні». Свае заўвагі і прапановы, а таксама ўсю неабходную інфармацыю можна знайсці ў суполцы праекту на «Facebook’у».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў