Апытанне: большасць насельніцтва «ДНР» і «ЛНР» хоча жыць у Украіне


Згодна з новым апытаннем, большасць насельніцтва Данбасу хоча жыць у Украіне.

Нягледзячы на масавую міграцыю, людзі, якія засталіся на тэрыторыях пад кантролем антыўкраінскіх баевікоў, дагэтуль у большасці гатовыя жыць у складзе Украіны, сведчыць апублікаванае нядаўна даследаванне Цэнтру ўсходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў.

Цэнтр усходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў быў заснаваны ў Берліне ў 2016 годзе і мае сваёй мэтай правядзенне акадэмічных даследаванняў у сферы палітыкі і сацыяльных навук.

Хоць насельніцтва не давярае ўкраінскім палітычным інстытутам, але рэгіён зусім не страчаны для Кіева, лічыць прафесар Гвендалін Сас, аўтарка даклада, які грунтуецца на праведзеных зімой апытаннях у Данецкай і Луганскай вобласцях Украіны.

Пікет уцекачоў з Данбасу. Блог Надзеі Нешчадзенкі.

У 2014 годзе тут утварыліся праз расейскае ўмяшальніцтва два псеўдадзяржаўных утварэння – Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі», якія існуюць дзякуючы вайсковай і фінансавай падтрымцы Масквы.

Зараз «ДНР» кантралюе каля 30 % тэрыторыі Данецкай вобласці, «ЛНР» – каля 40 % Луганскай вобласці. З прыкладна 6,4 млн асобаў даваеннага насельніцтва вобласцей 2,8 млн жыхароў пакінулі свае дамы з-за баявых дзеянняў – 1,8 млн асобаў пераехалі ў іншыя рэгіёны Украіны, каля мільёна пераехалі ў Расею. Усяго даследчыкамі было апытана 1,2 тыс. асобаў шляхам непасрэдных сустрэч і па тэлефоне.

Сужыццё праз лінію фронту

Кулямёты, міны і траншэі не змаглі цалкам аддзяліць людзей, якія раней жылі разам: 57 % апытаных у «ДНР/ЛНР» сказалі, што маюць сваякоў ці сяброў на тэрыторыях, якія абараняе ўкраінская армія.

На абодвух баках фронту каля 50 % насельніцтва як мінімум раз на тыдзень тэлефануюць ці пішуць знаёмым праз лінію фронту. Толькі 3-4% людзей згубілі такія сувязі ці адмовіліся ад кантактаў.


Украінскія сапёры рыхтуюць да знішчэння знойдзеныя баепрыпасы

Нацыянальнасць і мова

Вайна прывяла да палярызацыі нацыянальных ідэнтычнасцяў – на тэрыторыях «ДНР/ЛНР» 26 % апытаных сталі сябе лічыць у большай ступені расейцамі, 8,5 % – у большай ступені ўкраінцамі. Адначасова на тэрыторыях Данбасу, якія кантралюе Кіеў, 20,5 % жыхароў сталі ў большай ступені ўкраінцамі і толькі 3,4 % – у большай ступені расейцамі.

Аднак пры гэтым значная колькасць насельніцтва ў абодвух частках рэгіёна захавала даваенныя ідэнтычнасці. Нават у «ДНР/ЛНР» пасля трох год вайны захоўваецца вялікая частка людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як грамадзяне Украіны, адзначае аўтарка даклада.

Пры гэтым не адзначаецца вялікай розніцы ў моўнай ідэнтычнасці – у абодвух частках Данбасу больш за 50 % насельніцтва лічаць сваёй роднай мовай расейскую, а яшчэ каля 30 % заявілі, што маюць дзве родныя мовы – расейскую і ўкраінскую.

Прапаганда і давер да палітыкаў

Большасць рэспандэнтаў на Данбасе незалежна ад тэрыторыі не вераць прэзідэнту Пятру Парашэнку і ўкраінскім сродкам масавай інфармацыі. Нават на тэрыторыях, падкантрольных Кіеву, цалкам ці часткова не давяраюць медыям адпаведна 87 і 81 % насельніцтва.

Стаўленне да расейскага прэзідэнта і расейскіх СМІ іншае – калі на неакупаваных тэрыторыях ім не давярае больш за 90 % рэспандэнтаў, то ў «ДНР/ЛНР» Уладзіміру Пуціну не вераць толькі 36 % людзей, а расейскім СМІ – каля 45 %.


Фота siapress.ru

У чым абедзве часткі Данбасу згодныя – гэта ў падтрымцы рынкавых рэформаў (каля 60 % насельніцтва выступаюць за іх паглыбленне), а таксама ў адмоўным стаўленні да еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі.

Застаемся ў Украіне!

Пры ўсім складаным стаўленні жыхароў Данбасу да Кіева і Масквы, большасць з іх выступае за жыццё ў складзе Украіны.

У «ДНР/ЛНР» 35 % апытаных выступілі ў падтрымку аўтаномнага статусу ў складзе Украіны, 20,6 % выступілі за вяртанне да даваеннага статусу як частак Данецкай і Луганскай вобласцяў. Яшчэ 33,1 % заявілі, што хочуць быць аўтаноміяй у складзе Расеі, і 11,4 % хочуць далучыцца да Расеі без асаблівых правоў.


Вайскова-патрыятычныя заняткі ў горадзе Аляксандраўск, Луганская обласць. Фота gromady.dn.ua

У тэрыторыях Данецкай і Луганскай вобласцяў, якія кантралюе Украіна, 64,7 % насельніцтва хочуць застацца ў складзе гэтай дзяржавы без нейкага асаблівага статусу, 26,4 % згодныя на аўтаномію ў складзе Украіны, 8,9 % хочуць быць часткай Расеі.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары