Апостальскі нунцый лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў Беларусь


Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр. Фота catholic.by

Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў Беларусь. Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў перад цырымоніяй уручэння даверных грамат кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

«Для мяне гэта прыярытэтная задача. Мы будзем працаваць над арганізацыяй візіту Папы Рымскага ў Беларусь, але пакуль не магу сказаць адносна тэрмінаў і праграмы», – цытуе Габара Пінтэра дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Іерарх падкрэсліў, што вельмі аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносінаў паміж Ватыканам і Беларуссю. «Я з чаканнем гляджу ў будучыню», – дадаў Апостальскі нунцый.

Габар Пінтэр знаходзіцца ў нашай краіне каля чатырох месяцаў і за гэты час пазнаёміўся са шмат якімі жыхарамі Беларусі. «Беларусы вельмі міралюбныя, і гэта тая нацыя, якая імкнецца да міру з усімі краінамі, у тым ліку са сваймі суседзямі», – падкрэсліў прадстаўнік Ватыкану. Паводле ягоных словаў, гэтыя мэты супадаюць з асноўнымі задачамі, якія ставіць перад сабой Ватыкан.

У канцы траўня 2016 года кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем наведалі ў Ватыкане Папу Францішка.

У 2009 годзе Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі сустрэліся з Папам Рымскім Бенедыктам XVI.

МЯ, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары