Апостальскі нунцый: Вызваленне зняволеных і магчымы візіт Лукашэнкі ў Ватыкан – не звязаныя паміж сабой рэчы


Вызваленне беларускіх зняволеных і магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан – не звязаныя паміж сабой рэчы, заявіў апостальскі нунцый у Беларусі Кляўд’ё Гуджэроцці.

«Вызваленне беларускіх зняволеных і магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі да Папы Рымскага не звязаныя паміж сабой. Папа асабіста ўдзельнічаў у гэтым працэсе. Мы гэтым ганарымся, бо гэта спрыяла паляпшэнню міжнародных адносін, а таксама ўмацаванню міру і гармоніі ў краіне. Я рады, што беларускае грамадства ацаніла гэтыя дзеянні папы», – адзначыў прадстаўнік Святога пасаду, падае БелаПАН.

Наконт магчымага візіту Лукашэнкі да папы рымскага ў верасні 2015 года апостальскі нунцый растлумачыў: «У практыцы Святога пасаду не прынятыя аўдыенцыі ў Папы палітычных лідараў напярэдадні надыходу ў іх краіне выбараў. У сувязі з гэтым прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не звяртаўся з просьбай аб такой аўдыенцыі найбліжэйшым часам, каб нікога не ставіць у няёмкае становішча».

У пачатку ліпеня былы міністр замежных спраў Славакіі палітычны аналітык Павел Дземеш паведаміў у інтэрвю радыё «Свабодзе» пра магчымы візіт Лукашэнкі ў Ватыкан. Ён таксама прагназаваў, што перад гэтай паездкай Лукашэнка можа вызваліць Мікалая Статкевіча. «Я схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да Папы Рымскага ў верасні гэтага года ці адразу пасля яе», – заявіў тады экс-дыпламат.

Пра гатоўнасць Ватыкана прыняць Лукашэнку заяўляў кардынал П’етра Паролін падчас прыезду ў Менск у сакавіку гэтага года. Паводле яго слоў, магчымасць арганізацыі такога візіту абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх дзяржорганаў.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў