Апошнюю кнігу Міхала Анемпадыстава перавыдадуць пры дапамозе краўдфандынгу


У панядзелак, 12 сакавіка, пачалася кампанія ў падтрымку новага выдання кнігі выбітнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі».

Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава. Ён спалучае ў сабе візуальную і літаратурна-даследчую частку, ствараючы эфект поўнага пагружэння ў колеравы свет Беларусі.

Кніга стала завяршальным этапам шматгадовай працы аўтара і была выдадзена ў 2017 годзе абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава. У кнізе апісаныя сем колераў, якімі «пафарбаваная» беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны «энцыклапедычны артыкул» праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Краўдфандынгавая кампанія распачалася 12 сакавіка на платформе Ulej.by. Плануецца выдаць кнігу тыражом 500 экзэмпляраў. Кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы: падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па нізкім кошце. Адзін асобнік будзе каштаваць 40 рублёў. Пры замове некалькіх экзэмпляраў кошт будзе меншым. Да ўдзелу запрашаюцца таксама асобы і кампаніі, якія гатовыя выступіць спонсарамі, каб кніга магла патрапіць у бібліятэкі, культурніцкія ўстановы і публічныя прасторы.

Краўдфандынгавая кампанія арганізавана Лятучым ўніверсітэтам у партнёрстве з кнігарняй «Логвінаў».

Кампанія будзе ісці да 25 красавіка. Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна па спасылцы.

Міхал Анемпадыстаў пайшоў з жыцця 24 студзеня. Яму было 53 гады.

Адмысловае выданне «Belsat Music Live», прысвечанае ягонай памяці:

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары