Апошняе інтэрв'ю Нямцова: спыніць вайну супраць Украіны!


Барыс Нямцоў перад тым, як яго забілі, выступаў на радыё «Эхо Москвы». Апазіцыянер агучваў галоўныя патрабаванні, што меліся высунуць арганізатары акцыі пратэсту 1 сакавіка.

«Палітычныя патрабаванні ключавыя: гэта спыненне вайны з Украінаю. Вы ведаеце, што Пуцін год таму пачаў агрэсію супраць Украіны. Чаму я кажу год таму? Таму што 27 лютага мінулага года ўзброеныя людзі захапілі будынак парламенту Аўтаномнай Рэспублікі. Потым 47 дэпутатаў, то бок не маючы кворуму, пад дуламі аўтаматаў прагаласавалі за рэферэндум», – сказаў Нямцоў у інтэрвю.

Акцыя пратэсту пазіцыянавалася як «антыкрызісная». Паводле палітыка, менавіта развязванне агрэсіі супраць Украіны і сталася адным з галоўных чыннікаў глыбокага эканамічнага крызісу ў Расеі. Барыс Нямцоў таксама заявіў, што апазіцыя планавала патрабаваць справядлівых дэмакратычных выбараў.

„Калі ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека і ён вечна кіруе, усё завяршаецца катастрофаю”, – сказаў Нямцоў у сваім апошнім інтэрвю.

Арганізатары акцыі пратэсту паведамілі, што маніфестацыі не адбудзецца праз забойства Нямцова.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў