«Апошнія затрыманні – дзіцячы садок»: Расея і Украіна распачалі вайну шпіёнаў

video

Толькі на гэтым тыдні расейскія службы затрымалі ў Крыме двух дыверсантаў і шпіёнаў. Нібыта ў адказ Служба бяспекі Украіны заяўляе пра затрыманне былых вайсковых службоўцаў, што здрадзілі прысязе пасля анексавання паўвостраву. Ці збройны канфлікт паміж Расеяй і Украінай перайшоў у вайну спецслужбаў?

Галоўная навіна на ўсіх расейскіх каналах – украінскія дыверсанты меліся ўзарваць, паводле розных версіяў, ці то штаб чарнаморскага флоту, ці то сістэмы энергазабеспячэння паўвостраву. СБУ неадкладна адхрысціліся ад затрыманых, заявіўшы, што гэта звычайныя грамадзяне Украіны, якія сталі чарговымі закладнікамі Масквы.

«Ім патрэбныя нашыя дыверсанты, якіх яны б затрымлівалі на сваёй тэрыторыі, а Крым яны лічаць сваёй тэрыторыяй, каб паказаць Украіну, як краіну, што гатовая выкарыстоўваць нават тэрарыстычныя захады», – лічыць кіраўнік аб’яднання ўдзельнікаў АТО «Справядлівасць» Тарас Кастанчук.

Пры гэтым былы камандзір штурмавой групы батальёну «Данбас» нагадвае, што большая частка цывілізаванага свету лічыць Крым тэрыторыяй Украіны. А таму, калі б гэтыя людзі і былі ўкраінскімі спецслужбоўцамі, то дзейнічалі б на ўласнай тэрыторыі. Паводле былога палкоўніка ФСБ Міхаіла Трэпашкіна, дыверсіі на тэрыторыі паўвостраву проста не патрэбныя Кіеву. Палкоўнік у адстаўцы лічыць, што расейскія спецслужбы ўпадабалі апошнім часам раздзімаць з мухі слана, каб атрымаць узнагароду.

«Тэма ўкраінскіх дыверсантаў, я лічу, – занадта раздзьмутая і мэты Украіны ў гэтым я не бачу, бо гэта будзе перашкаджаць рашэнню юрыдычнага пытання, што рана ці позна паўстане», – заяўляе Трэпашкін.

Маецца на ўвазе юрыдычная спрэчка пра прыналежнасць Крыму, у якой тэракты зусім не на руку Украіне. Ды літаральна на наступны дзень пасля затрымання «дыверсантаў» Служба бяспекі Украіны апублікавала відэа затрымання расейскіх агентаў – дваіх афіцэраў, што здрадзілі прысязе і перайшлі на расейскі бок пасля анексіі Крыму. На мінулым тыдні СБУ пахвалілася спецаперацыяй па вызваленні былога супрацоўніка ФСБ Іллі Багданава, што перайшоў на бок Кіева два гады таму.

«Вайна спецслужбаў увайшла ў вельмі вострую форму, іхныя – працуюць наўпрост: і ў генштабе і ў збройных сілах намагаюцца падкупіць, шантажаваць людзей. І нашыя спецслужбы сталі больш актыўна супрацьдзеяць і працаваць у Луганску, Данецку, у меншай ступені ў Крыме, каб нагадаць людзям, што гэта таксама Украіна», – кажа Тарас Кастанчук.

На Данбасе ўсцяж страляюць і гінуць людзі. Аднак пакуль інтэнсіўнасць баявых дзеянняў зменшылася супрацьстаянне спецслужбаў выйшла на першы план. Але ягоны расейскі калега раіць не перабольшваць значэння гучных спец аперацыяў як з аднаго, гэтак і з другога боку.

«Я не бачу супрацьстаяння спецслужбаў, я бачу перадусім тут інфармацыйную вайну. Калі паглядзець вось гэтыя апошнія затрыманні – як дзейнічаюць, ну дык гэта ж дзіцячы садок!», – заяўляе Міхаіл Трэпашкін.

Стаўленне да інфармацыйнай вайны стала сур’ёзным у Еўразвязу. У сераду Еўрапарламент вызначыў расейскую і ісламісцкую прапаганду і дэзынфармацыю як галоўныя пагрозы еўрапейскай бяспецы. Пастанова еўрапейскіх дэпутатаў пералічвае небяспечных расейскіх агентаў. Сярод іх – фонды, якія прасоўваюць ідэі «Русского міра», медыі, што працуюць на замежных мовах, кшталту «Russia today» i агенцыя «Спутнік». У Бруселі нават узгадалі інтэрнэт-троляў. Пра «відавочную дэградацыю Еўрапарламенту ў палітычным сэнсе гэтага слова» імгненна заявіў Уладзімір Пуцін. Творца легіёнаў не толькі троляў, але і «зялёных чалавечкаў». І першыя, і другія – ананімныя. Але цалкам рэальныя.

Усевалад Шлыкаў

Глядзі таксама
Каментары