Апошнія месяцы перад прэзідэнцкімі выбарамі: Лукашэнка прыцэліўся ў спадарожнік


За супрацу з «Белсатам» журналісты атрымалі рэкордныя штрафы.

Новыя стандарты суду ў справе правапарушэнняў у Гомлі

Ніводнага дня без слухання. У аўторак па артыкуле за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» асуджаны незалежны журналіст з Гомля Кастусь Жукоўскі. Яго аштрафавалі на Br 5,4 млн. У сераду на лаўцы абвінавачаных апынулася пазаштатная журналістка «Белсату» Наталля Крывашэй. Суд пакараў яе ў Гомлі Br 9 млн.

«Мы кажам праўду і паказваем праўду, якая яна ёсць, а дзяржаве гэта нявыгадна, бо ў нас хутка прэзідэнцкія выбары, і трэба працягваць ствараць малюнак ціхай і стабільнай Беларусі, дзе ўсё добра», – пракаментавала спадарыня Крывашэй прысуд.

Вось так яна была «ўзнагароджана». Суд прызначыў дзяўчыне рэкордны штраф. Гэта максімальнае грашовае пакаранне за «незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі» паводле заканадаўства. Як і Кастуся Жукоўскага, Наталлю асудзілі за рэпартаж пра выкладчыцу беларускай мовы Гомельскага ўніверсітэту, якая здзейсніла самагубства. Пазней сюжэт з’явіўся ў эфіры «Белсату».

Усе антэны не пашкодзіш…

«Сінгал ідзе праз спадарожнік, таму кожны чалавек у Беларусі, які ўсталюе талерку, можа яго глядзець. Змагацца з гэтым, то бок знішчыць усе антэны будзе даволі складана, – кажа праваабаронца Алег Волчак. – Таму, падаецца, быў абраны другі варыянт – запалохвання журналістаў вельмі высокімі штрафамі».

З пачатку 2015 года ў Беларусі незалежных журналістаў судзілі больш 20 разоў. І столькі ж разоў – асуджалі. Агульная сума штрафаў перавысіла Br 108 млн. І 2/3 гэтай сумы склалі фінансавыя санкцыі супраць журналістаў, якія супрацоўнічалі з «Белсатам».

«Белсат» не «Савецкая Беларусь»

Па тым жа самым артыкуле былі аштрафаваныя і іншыя незалежныя журналісты – Алесь Ляўчук, Аліна Літвінчук, Тамара Шчапёткіна, Ларыса Шчыракова, Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч. Двух апошніх – за нявінны рэпартаж пра… выстаўку слуцкіх паясоў у Музеі гісторыі і рэлігіі ў Горадні.

«З аднаго боку ёсць станоўчыя ноткі, бо быў нечакана дадзены мінімальны штраф па артыкуле – 3,5 мільёны рублёў. З іншага – пра нармалізацыю агулам можна будзе казаць толькі пасля атрымання акрэдытацыі «Белсатам» у Беларусі і працы на роўных умовах з іншымі замежнымі каналамі – НТВ, РТР ды іншымі СМІ. Збіраемся абскарджваць рашэнне судзі Алены Пятровай», – распавёў belsat.eu Алесь Кіркевіч.

«Мяне судзілі, што я вырабіў і распаўсюдзіў інфармацыю. Але як я мог яе распаўсюджваць? Седзячы ў Гомлі, пускаў на спадарожнік? Так, я здымаю відэа і прапаноўваю яго розным агенцтвам. А куды яно трапіць – мяне ўжо не цікавіць. Вырак наагул нелагічны. Глядзіце: чалавек здабывае руду, з якой робяць метал. Пазней з металу робяць касмічны апарат. Ён ляціць у космас і ўзрываецца. Дык што – будуць караць таго, хто здабываў руду? Мае фатаграфіі публікавалі і ў «Советской Белорусии», але ж за гэта мяне не судзілі», – падкрэсліў спадар Жукоўскі.

Замкнёнае кола акрэдытацыі

Але «Белсат» гэта не дзяржаўная газета, якая належыць адміністрацыі Лукашэнкі. Канал надае сем гадоў і цягам сямі гадоў не можа атрымаць акрэдытацыю для сваіх журналістаў. Апошні запыт быў адхілены ў сакавіку сёлета. Беларускі МЗС прызнаў, што не можа выдаць акрэдытацыю адзінаму беларускамоўнаму тэлеканалу, таму што журналісты, якія з ім супрацоўнічаюць, парушалі закон. У дакуменце былі пазначаныя імёны дзевяці чалавек, якія атрымалі папярэджанні ад пракуратуры.

То бок кола замыкаецца: журналісты не атрымліваюць акрэдытацыю, таму што парушаюць закон, а парушаюць закон, бо працуюць без акрэдытацыі, якую спрабуюць атрымаць… І гэта тлумачыць існаванне абсурднага артыкула 2 часткі 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Маеце акрэдытацыю – можаце быць журналістам. Не маеце – будзеце паза законам.

Артыкул знойдуць для кожнага

Журналістаў, чые матэрыялы з’яўляюцца на «Белсаце», рэгулярна караюць і па іншым артыкуле. Бо і на адсутнасць акрэдытацыі ёсць адпаведны пункт… 1 чэрвеня на Br 5,4 млн рублёў аштрафавалі журналістку Вольгу Чайчыц. За сюжэт пра грамадскія абмеркаванні ў Фаніпалі, на якія журналістаў не пусціла міліцыя. Не толькі не пусціла, але неўзабаве і абвінаваціла ў «працы без акрэдытацыі на замежныя СМІ.« Суд падтрымаў абвінавачванне.

Нагадаем, што акрэдытацыя ў Беларусі не робіць лягчэйшай супрацу з дзяржаўнымі ўстановамі. Дакумент проста дазваляе займацца журналісцкай працай замежных карэспандэнтаў. Прынамсі такіх хочуць (а хутчэй не хочуць) бачыць супрацоўнікаў «Белсату» беларускія ўлады. Кантроль над мясцовымі СМІ ўлады ажыццяўляюць шляхам абавязковай рэгістрацыі, без якой працаваць не дазваляюць.

Як «шпіёны» збіралі інфармацыю пра чаргу да доктара

І ўлады кожны дзень спрабуюць гэта даказаць. У сераду, калі ў Гомлі судзілі Наталлю Крывашэй, і дзень пасля суду Кастуся Жукоўскага, у Менску міліцыянты арыштавалі Аркадзя Несцярэнку. Журналіста, які быў на Майдане, у акупаваным расейцамі Крыму і на вайне ў Данбасе. Яго забралі за тое, што ў адной з паліклінік рабіў сюжэт пра чэргі да доктара.

Разам з аператарам яго выпусцілі пасля пяці гадзінаў у пастарунку. Міліцыянты яго абшукалі, перапісалі нават кантакты з візітных картах, якія знайшлі ў кашальку журналіста. Афіцэры, якія рабілі вобшук рэчаў карэспандэнта прызналіся, што яны атрымалі загад ажыццяўляць дакладны кантроль над сродкамі масавай інфармацыі на аб’ектах грамадскага прызначэння. У гэтых катэгорыях змяшчаюцца і здымачная група і будынак паліклінікі…

»Можа быць, гэта нейкая шпіёнаманія? – выказвае сваё меркаванне журналіст. – Нібы ў жарт пыталі ў нас, ці мы не шпіёны. А магчыма, так выглядае падрыхтоўка да выбараў».

Да кастрычніка?

Застаецца пытанне, у чым чарговым разам абвінавацяць журналіста «Белсату» – «праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ» альбо «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»? І колькі яшчэ журналістаў сутыкнуцца з пераследам?

Гэта, напэўна, цяпер галоўная інтрыга. І ўсё менш часу застаецца да моманту, калі мы даведаемся яе вырашэнне. На пачатку тыдня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай. У размове было ўстаноўлена, што прэзідэнцкія выбары, якія былі першапачаткова запланаваныя на сярэдзіну лістапада, павінны аднак прайсці амаль на месяц раней. Навошта так спяшацца? Тых журналістаў, якія хочуць у гэтым разабрацца, чакае шмат працы – і працы яшчэ больш складанай, чым звычайна.

Чарэк Галіньскі, belsat.eu/pl

 
Стужка навінаў