Апошні выступ Юрыя Захаранкі ў Вярхоўнай Радзе (ВІДЭАФАКТ)


Падчас выступу ў Вярхоўным Савеце (Радзе) XIII склікання генерал-маёр папярэдзіў кіраўніка Беларусі, што ў ягоным атачэнні адныя карупцыянеры. А таксама намякнуў на датычнасць да карупцыйных схемаў самога Аляксандра Лукашэнкі.

Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах у ліпені 1994 года і пасля перамогі Лукашэнкі, быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных справаў. У кастрычніку 1995 года Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а ў красавіку міністр быў паніжаны ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы.

Былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка бясследна знік 17 гадоў таму. Справа аб ягоным знікненні фармальна цягнецца да гэтага часу. Маці Юрыя Захаранкі, 92 гадовая Ульяна Захаранка з 1999 году чакае праўды пра лёс сына.

УЛЬЯНА ЗАХАРАНКА, МАЦІ ЮРЫЯ ЗАХАРАНКІ: «Старшага пахавалі – у мяне быў інфаркт, а пасля Юру забралі, быў другі інфаркт».

Паводле праваабаронцаў, якія дапамагаюць Юльяне Захаранцы, афіцыйныя следчыя органы не прадстаўляюць па справе ніякай інфармацыі.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ: «Ад імя УЗ быў падрыхтаваны запыт, каб прадставілі інфармацыю – гэтага не было зроблена».

Паводле паплечнікаў Захаранкі, справа аб ягоным знікненні даўно магла быць перададзена ў суд, але бракуе палітычнай волі, бо галоўнымі меркаванымі падазраванымі ў знікненні былога кіраўніка МУС зʼяўляюцца персоны набліжаныя да кіраўніка краіны, у тым ліку Віктар Шэйман, які цяпер займае пасаду памочніка прэзідэнта па асобых даручэннях і былы камандзір вайсковай часткі спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Напярэдадні знікнення Захаранка ўзначаліў выбарчы штаб экс-прэмʼера Міхаіла Чыгіра на альтэрнатыўных выбарах прэзідэнта ў 1999 годзе. Пра тое, якім быў Юрый Захаранка ўзгадвае Анатоль Лябедзька.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБʼЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:
«Прамы, адчувальны да пачуцця справядлівасці. Такіх афіцэраў можна пералічыць па пальцах і на вялікі жаль людзям у пагонах у Беларусі няма на каго раўняцца».

Паводле дэмакратычнай супольнасці, Юрый Захаранка стаў ахвяраю дзейнасці «эскадронаў смерці», якія напрыканцы дзевяностых, пачатку двухтысячных займаліся ліквідацыяй найбольш амбітных і паспяховых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

У 1999–2000 гадах у Беларусі пры загадкавых абставінах знік былы віцэ-спікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, грамадскі дзеяч і бізнесовец Анатоль Красоўскі, былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка ды тэлеаператар ОРТ Зміцер Завадскі.

Гэта адбылося напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 9 верасня 2001 года. Міжнародная супольнасць падазрае ў арганізацыі выкраданняў гэтых людзей працаўнікоў сілавых структураў Беларусі.

ЮВ, АН, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары