Апошні раз яго бачылі журналісты, калі ён піў «Джэк Дэньелз» і паліў самакрутку марыхуаны. Цяпер ён джыхадыст…


«Ісламская дзяржава» (ІД) – ісламісцкая тэрарыстычная арганізацыя, галоўнай мэтай якой з’яўляецца – адраджэнне Халіфату на тэрыторыі Іраку і Сірыі. Да тэрарыстаў-рамантыкаў, якія досыць паспяхова піарацца ў інтэрнэце далучылася даволі шмат знакамітых людзей. А менавіта – рэперы, спартоўцы, акторы і нават дзяржаўныя чыноўнікі. Давайце зірнем, што гэта за людзі, якія выбралі чорны сцяг непрызнанай джыхадысцкай дзяржавы.

Расейскі актор

Вадзім Дарафееў нарадзіўся ў самай звычайнай маскоўскай сям’і. У 2010 скончыў інстытут, дзе вучыўся разам з сынам Андрэя Макарэвіча. Яшчэ студэнтам Вадзім прыглянуўся знакамітаму рэжысёру Бадрову-старэйшаму, які запрасіў Дарафеева сыграць галоўную ролю ў сваім фільме «Дачка якудзы». Актор цудоўна праявіў сябе на здымках, здавалася, яго чакае вялікая будучыня. Аднак ужо ў студзені 2014 года ён прыняў іслам, кінуў сваю жонку і двух маленькіх дзяцей, каб адправіцца ў Сірыю разам са сваім сябрам, таксама акторам, Леанідам Целяжынскім. Там яны далучыліся да групоўкі «Ісламская дзяржава». Неўзабаве ў медыях з’явілася інфармацыя, што 31-гадовы расейскі актор загінуў у Сірыі. Апошняя праца Дарафеевароля ў дэтэктыўным тэлівізыйным сэрыяле «Балабол».

Двухразовы чэмпіён свету па муай-тай 

Гашы – 29-гадовы немец албанскага паходжання два разы станавіўся сусветным чэмпіёнам і чэмпіёнам Еўропы па тайскім боксе ў суперлёгкай вазе. Пачаў сваю прафесійную спартовую кар’еру ў 21, за сем гадоў правёў больш за 150 двубояў. Пра тое, што «таец» далучыўся да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», стала вядома з паведамлення, апублікаванага на ягонай старонцы ў «Facebook’у» ў сёлетнім чэрвені.

«Не трэба асуджаць майго ўчынку. Вы не ведаеце ўсёй гісторыі цалкам», – напісаў спартовец, падмацаваўшы допіс сваім фотаздымкам са ўсімі чэмпіёнскімі тытуламі на фоне сцягу ІД. У Сірыю чэмпіён адправіўся не адразу, напачатку ён трэнаваў прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы» у швейцарскім Вінтэртуры. Там ён арандаваў падвал у будынку мясцовай федэрацыі муай-тай, дзе вучыў траіх будучых баевікоў тэхнікам тайскага боксу, а пасля разам з імі адправіўся на Блізкі Усход. У ІД ён займаўся патруляваннем тэрыторыі паблізу сірыйска-турэцкай мяжы. Ісламісты таксама выкарыстоўвалі Гашы дзеля ўласнага піяру: ён выкладваў на сваёй старонцы ў «Facebook’у» фатаграфіі з элементамі раскошы, што, на задумку кіраўніцтва ІД, павінна было прыцягнуць новых чальцоў у шэрагі арганізацыі. Гашы застрэлілі ў суботу, 4 ліпеня, пры нявысветленых абставінах.

Кіраўнік таджыкскага АМАПу

Палкоўнік таджыкскай міліцыі Гулмурод Халімаў паведаміў, што далучыўся да  «Ісламскай дзяржавы» праз відэазварот, у якім папярэдзіў, што вернецца з джыхадам у Таджыкістан. А таксама адзначыў, што прайшоў антытэрарыстычныя курсы ў ЗША і Расеі. Як высветлілася пазней, ён не схлусіў. З 2003 да 2014 года Халімаў прайшоў пяць этапаў навучання ў межах амерыканскіх антытэрарыстычных праграмаў, як у ЗША, так і ў Таджыкістане. Вядома, што Гулмурод Халімаў браў удзел у шэрагу расейскіх адукацыйных антытэрарыстычных праграмаў.

Футбольная зборная «Ісламскай дзяржавы»

Да ісламістаў і джыхадыстаў далучылася настолькі шмат футбалістаў, што да чэмпіянату свету–2018 у Расеі, лёгка можна было б сабраць цэлую футбольную зборную ІД.

Бурак Каран, нямецкі футбаліст турэцкага паходжання, пачынаў кар’еру ў леверкрузенскім «Баеры». Падаваў вялікія надзеі, уваходзіў у юнацкія зборныя Нямеччыны U-16 і U-17, дзе гуляў з чэмпіёнам свету Самі Хедзірам і Кевінам-Прынсам Боатэнгам. У кар’еры Карана гульні за «Гановэр» і «Гамбург». У 2008 годзе футбаліст павесіў буцы на цвік і павесіў на плячо аўтамат, увайшоўшы ў шэрагі ІДз. У кастрычніку 2013 года паспяхова футбаліста забілі падчас бамбавання паселішчаў пад Алеппа (Сірыя).

Партугалец Фабіё Покас мог пайсці шляхам Крышціяна Раналду. Ён таксама пачынаў кар’еру ў шэрагах акадэміі Спортынгу. Але пазней стала зразумела, што футбол больш не з’яўляецца самай вялікай мараю партугальца, яго самай вялікай жарсцю стаў Джыхад.

Экс-капітан клубу з найвышэйшага дывізіёна Казахстану «Акжайык» Айбек Губайдулін падазраецца ва ўдзеле ў ваенным канфлікце на тэрыторыі Сірыі на баку няўрадавых войскаў – ІД.

Выхадзец з Косава Крэшнік Бярыша гуляў у Нямеччыне за габрэйскі аматарскі клуб «Макабі», але ў 2013 годзе далучыўся да радыкалаў-ісламістаў у Сірыі. У 2015 годзе праваахоўныя органы судзілі баявіка. Футбаліст атрымаў скарачэнне тэрміну з 10 да 3 гадоў і 9 месяцаў у абмен на прызнанне віны і інфармацыю пра групоўку і яе ўдзельнікаў.

Нэдхал Сэлмі выступаў у знакамітым туніскім клубе «Этуаль дзю Сахель», уладальніку усіх клубных кантынентальных трафеяў Афрыкі. У лютым 2014 клуб скасаваў кантракт з футбалістам. На сваёй старонцы ў «Facebook’у» Сэлмі змяніў стары аватар, дзе ён у футбольнай форме на фоне чорнага сцяга «Ісламскай дзяржавы». На пытанні сяброў ён адказваў вельмі лаканічна: «Сустрэнемся на нябёсах». У кастрычніку 2014 там ён і аказаўся.

Калі ў апошні раз яго бачылі журналісты, ён піў «Джэк Дэньелз» і паліў самакрутку марыхуаны. Цяпер ён джыхадыст

Рэпэрскі клан у ІД, магчыма, нават мацнейшы за футбольную зборную. Гэтыя творчыя людзі далучыліся да ісламістаў, падаўшы прыклад сваім фанатам. Шматтысячныя канцэрты, мільёны праглядаў і праслухоўванняў на «Youtube’е», усё гэта засталося ў мінулым. Ім больш не патрэбныя слава і грошы, сёння іхная мэта – адрадзіць Халіфат.

Дэніс Мамаду Герхард Гусперт вядомы пад сцэнічным псеўданімам Deso Dogg

Нямецкі рэпер, які падпісаў кантракт з «Streetlife Entertainment» і выдаў тры альбомы: «Schwarzer Engel» (2006), «Geeniz» у супрацы з «Jasha» (2008) і «Alle Augen auf mich» (2009). Пасля прыняцця ісламу ўзяў мусульманскае імя Абу Малік, а затым Абу Тальха аль-Альмані.

Гусперт нарадзіўся ў 1975 годзе ў бэрлінскім раёне Кройцберг. Бацька – ганец, маці – немка. Бацька кінуў сям’ю, калі сын быў яшчэ дзіцём. Маці выйшла замуж за афіцэра арміі ЗША, з якім Гусперт меў пастаянныя канфлікты. Правёў нейкі час у следчым ізалятары для няпоўнагадовых. А ў 1995 годзе пачаў кар’еру рэпера.

У 2010 ён ледзь не загінуў у аўтамабільнай катастрофе і перанёс клінічную смерць. Тады ж прыняў іслам і прыпыніў кар’еру рэпера. Пазней пераехаў у Егіпет, а адтуль у Сірыю, дзе ўзяў удзел у грамадзянскай вайне на баку антыдзяржаўных сілаў. У 2014 годзе ён даў клятву вернасці (байа) «Ісламскай дзяржаве Іраку і Леванту». З’яўляўся ў прапагандысцкіх роліках групоўкі, у адным з якіх трымаў у руках адрэзаную галаву чалавека. Па меркаванню экспертаў рэпер займае ў ІДз вельмі высокую пазіцыю, як нямецкамоўныпрапагандыст ідэялаў гэтай арганізацыі. На меркаванне экспертаў, рэпер займае ў ІД вельмі высокую пазіцыю, як нямецкамоўны прапагандыст ідэалаў гэтай арганізацыі.

Рэпер Эміна



Маруан Даўіры, больш вядомы як рэпер Эміна, паведаміў пра сваё далучэнне да «Ісламскай дзяржавы» таксама праз сацыяльныя сеткі, падмацаваўшы тэкст фотаздымкам з Іраку. Раней Эміна быў адзін з дзясяткаў туніскіх рэпераў, якія крытыкавалі рэжым прэзідэнта Зін аль-Абідзін Бэн Алі. Калі ў апошні раз яго бачылі журналісты, ён піў «Джэк Дэньелз» і паліў самакрутку марыхуаны. Але ж з тых часоў шмат чаго змянілася, сёння Маруан Даўіры ўжо не рэпер, ён джыхадыст.

Рэпер Эль Джынні


Абдэль-Маджыд Абдэль Бары, таксама вядомы як брытанска-егіпецкі рэпер Lyricist Jinn, або L Jinny, пачынаў сваю кар’еру песнямі пра складанае юнацкае жыццё ў сацыяльным жытле на ўскрайку заходняга Лондану: гвалт, наркотыкі, пагрозы дэпартацыі ягонай сям’і ў Егіпет.

У больш позніх песнях знікаюць спасылкі на ужыванне наркотыкаў, Эль Джыньні пачынае крытыкаваць людзей, якія марнуюць грошы ў клубах, на наркотыкі ды алкаголь, замест таго, каб дапамагаць сваёй сям’і. Некаторыя творы Бары траплялі на BBC Radio 1, найбольш вядомы трэк рэпера – «Овердоўз». Калі Бары было 6 гадоў, ягонага бацьку катавалі па падазрэнні ў радыкальным ісламізме. Пасля вызвалення ён разам з сям’ёй папрасіў палітычны прытулак у Брытаніі. Рэпер далучыўся да «Ісламскай дзяржавы», а пасля ўвайшоў у элітную групоўку галаварэзаў «The Beatles», празваных гэтак за свой брытанскі акцэнт. У ліпені 2015-га паведамілі, што Бары ўцёк у Турцыю, выдаўшы сябе за бежанца падчас адступлення войскаў ІДз. Цяпер яго шукаюць як брытанскія спецслужбы, гэтак і карнікі ІДз, што ўжо пакаралі смерцю дзясяткі дэзертыраў.

Да «Ісламскай дзяржавы» далучылася нават зорка «50 адценняў шэрага» Дакота Джонсан. Але гэта быў толькі жарт для камедыйнага шоу. Ролік ўжо мае больш за 2,5 мільёны праглядаў.  Не кепскі пі-ар для кінатрылогіі, дзе галоўныя героі аддаюць перавагу БДСМ.

Дык чаму маладыя і паспяховыя далучаюцца да рэлігійных фанатыкаў? Больш за 70 гадоў таму нямецкі філосаф і сацыёлаг Эрых Фром гэтак патлумачыў жаданне людзей стаць часткаю таталітарных арганізацыяў: «Чалец капіталістычнага вельмі індывідуалізаванага грамадства сутыкаецца з вострай праблемаю самотнасці ды адсутнасці прыналежнасці. Скончылася эра перадвызначанасці, дзе сацыяльны статус і жыццёвы ўклад прадвызначаліся паходжаннем. Цяпер для кожнага чалавека адкрытыя ўсе шляхі, але не забяспечана праходжанне па аніводным з іх. Чалавек вольны ісці ў любым кірунку, але падсвядома чуе, што ў аніводнай з канцавых кропак гэтага шляху яго ніхто не чакае і на кожным жыццёвым этапе ён мусіць даказваць сваё права быць там. А галоўнае – даволі часта адсутнічае ўсялякая мэта і разуменне свайго прызначэння, што нараджае сумневы, страх, гнеў».

Мікіта Семяненкаbelsat.eu

Глядзі таксама
Каментары