Апошні пікет апазіцыі (перад выбарамі 11 верасня)


У Менску прайшла апошняя перадвыбарчая імпрэза правацэнтрысцкай кааліцыі.

«За сумленныя выбары супраць фальсіфікацыяў» – пад такім лозунгам у Менску прайшоў апошні вялікі перадвыбарчы пікет правацэнтрысцкай кааліцыі, на якім апазіцыянеры спрабавалі данесці, што заўтрашнія выбары нелегітымныя.

«Няма апанентаў улады, а па другое – мы сутыкнуліся з вялікай колькасцю выпадкаў палітычнай цэнзуры, калі выступы нашых кандыдатаў не пайшлі на тэлебачанне, радыё, газеты. Мы нават маем выпадкі, калі зарэгістраваных кандыдатаў судзілі ў судах», – кажа «Белсату» Анатоль Лябедзька (Аб’яднаная грамадзянская партыя).

Яшчэ напярэдадні стала вядома, што на ўчастку Каліноўскай акругі Менску ў скрыню для датэрміновага галасавання масава ўкінулі бюлетэні.

Гэта не адзінае парушэнне. Назіральнікі кампаніі «Права выбару 2016» налічылі такіх парушэнняў па ўсёй краіне за чатыры дні каля двухсот.

«Улада не здрадзіла сябе. Яна сфальсіфікавала яўку датэрміновага галасавання, адпаведна ў камісіі ўкінулі дадатковыя бюлетэні – гэта азначае, што канкурэнтнай барацьбы няма, а дэпутатамі стануць толькі тыя, каго прызначыла ўлада», – лічыць Юрась Губарэвіч, кандыдат у дэпутаты аж «Руху за Свабоду».

Апазіцыйныя лідары занеслі ў Цэнтрвыбаркам заяву на імя Лідзіі Ярмошынай, што выбары несумленныя. Паперу падпісалі каля ста кандыдатаў ды выбарцы, якія прыйшлі на акцыю.

«Мы вось кажам людзям, што проста трэба мяняць уладу, што Лукашэнка ўсім абрыд і што мы будзем мяняць яго вось на гэтую прыгожую дзяўчыну. І людзі ахвотна бяруць улёткі і з радасць кажуць да – трэба ўжо мяняць», – кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Кандыдаты ад апазіцыі перакананыя, што сумленных выбараў быць не можа ў краіне, дзе ўладамі ігнаруецца закон і адсутнічае свабода слова. І сам пікет не абышоўся без супрацоўнікаў міліцыі, якія старанна сачылі за акцыяй.

Кацярына Ерусалімская

Стужка навінаў