«Апошні ліст Вацлава Гавэла дайшоў да мяне ўжо пасля ягонае смерці»


Алесь Бяляцкі прэзентаваў у Беларускім доме ў Варшаве сваю новую кнігу «Халоднае крыло Радзімы».

Я ішоў на сустрэчу з Алесем Бяляцкім з упэўненасцю, што сумна на прэзентацыі дакладна не будзе. Апошні раз я бачыў спадара Алеся ў Вільні, гадоў пяць таму. Цікава, што крымінальная справа супраць Бяляцкага была таксама звязаная з Польшчаю і Літвою.

Прэзентацыя кнігі была вельмі ўтульнаю і прыемнаю. Алесь распавядаў больш пра турму і ўвесь час жартаваў. Ненавязлівая інтэлігентнасць самага вядомага праваабаронцы ў Беларусі прымушала ўслухацца ў кожнае слова.
Гісторыі пра падтрыманне і здраду за кратамі, пра баброў і птушак у калоніі, стварылі прагу прачытаць кнігу цалкам.

Гумар і аптымізм аўтара гэтаму паспрыяў як галоўны фактар. Уразіў факт, што Алесь Бяляцкі за час зняволення атрымаў сорак тысячаў лістоў. Пра турэмны тэрмін і новае жыццё мы з праваабаронцам паразмаўлялі седзячы на самотнай канапе ў ціхім пакоі.

– Калі коратка, пра што кніга?

– Ёсць вялікія кавалкі жыцця, якія звязаныя з Беларуссю. З часоў стварэння «Народнага фронту». Эпахальныя рэчы. І я хацеў запісаць, прынамсі, штосьці, бо сучасная гісторыя нічога пра гэта не гаворыць.

– Ці ў вас не было часу ў нармальным жыцці, каб напісаць кнігу?

– Часу ў жыцці, каб занатаваць, не было. Бо калі ты працуеш праваабаронцам, ты загружаны настолькі, што аддаеш усе разумовыя і фізічныя сілы. Праца забірала ўвесь час. А ў турме я быў адрэзаны ад працы, быў інтэлектуальна вольны і меў магчымасць думаць пра сваё жыццё, ацэньваць, дзяліцца рэфлексіямі.

– Што вам ў турме давала натхненне, каб пісаць?

– Чалавек у такіх умовах раскрываецца па-рознаму, але вельмі дапамагалі паштоўкі і лісты. Я не першы ды не апошні, хто пісаў за кратамі. На Валадарцы пісаў Якуб Колас… Някляеў, Фядута, Севярынец, Дашкевіч… Шмат хто раскрываецца ў турме.

 

– Пасля таго, што вы ўбачылі ў турме, ці збіраецца «Вясна» заняцца правамі звычайных зняволеных?

– Мы з самага пачатку займаліся правамі палітзняволеных. І гэта застаецца нашым прыарытэтам. Што датычыць увогуле ўсіх зняволеных, то мы вядзем адмысловую праграму маніторынгу. Ёю займаецца адвакат Павал Сапелка, вядомы адвакат. Поле для працы вельмі шырокае. Мы займаемся ацэнкаю сітуацыі і выпадкамі, дзе найбольш яскрава парушаюцца правы чалавека. Выпадкі, калі ўлады не звяртаюць увагі: напрыклад, забойствы ў СІЗА, у міліцыі, катаванні. Але сілаў на ўсё бракуе. Мы перадаем інфармацыю ў МУС, Міністэрства юстыцыі, аднак турэмная сістэма ў Беларусі можа змяніцца толькі пры наяўнасці палітычнай волі зверху. А як гэтага дамагчыся, мусяць думаць усе.

– Ці адчуваецца праз гэта марнасць праваабарончай працы?

– Не, нашая праца патрэбная. Чаму мы ўзніклі? Раней увогуле не было ніякай сістэмы дапамогі. Чалавек мог прасядзець за палітычную справу два месяцы, а пра яго ніхто не ведаў. І толькі перад судом ці на судзе мы даведваліся пра такіх асобаў, якія абараняюцца голыя з дзяржаўным адвакатам. Цяпер мы забылі пра такое. Цяпер ёсць сістэма кантролю і маніторынгу такіх прысудаў. Гэта сурёзнае дасягненне шмат каго з журналістаў і праваабаронцаў, якое трэба цаніць у нашай сітуацыі.

 

– Калі вы распавядаеце пра турму, гэта гучыць цікава і часам нават смешна. Але рэальнасць за кратамі жорсткая і бязлітасная. Ці быў у вас перыяд псіхалагічнай адаптацыі пасля турмы?

– Гэта вялізны псіхалагічны ціск, асабліва на палітзняволеных. Ты кожную хвіліну пад кантролем. Такі ціск дарэмна не сыходзіць. Але ў мяне атрымалася, што калі я выйшаў, адразу далучыўся да праваабарончай дзейнасці. І працоўныя праблемы выціснулі тыя праблемы, якія былі раней. Пасля вызвалення не было жадання ўсё трымаць у галаве. Як кажуць шмат хто са зняволеных, з якімі я сядзеў: – «Не хачу ўзгадваць. Гэта выкрасленыя гады. Цяпер новае жыццё». Мінуў год, і я маю магчымасць ды жаданне напісаць пра гэта ўспаміны.

– Як ставіцеся да новай электаральнай кампаніі пераабрання кіраўніка Беларусі?

– Стаўлюся скептычна. Але паглядзім. Жыццё час ад часу прыносіць сюрпрызы. Трэба рабіць сваю працу і не спадзявацца на вынікі гэтае кампаніі.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары