Апошні дзень судзілішча. Сведчанні рэпарцёра з працэсу Саўчанкі


Расейскі суд зрабіў Надзею Саўчанку нацыянальным героем Украіны і сімвалам нязломнасці духу. Журналіст belsat.eu проста з залі суда піша пра тое, што не трапіла ў абʼектывы камераў у апошні дзень працэсу над украінскай лётчыцай.

Расейскі суд у Данецку (Растоўская вобласць) вынес вердыкт, паводле якога Надзея Саўчанка вінаватая ў забойстве двух расейскіх журналістаў у чэрвені 2014. Таксама грамадзянку Украіны прызналі вінаватаю ў нелегальным пераходзе мяжы, за што яна мае заплаціць штраф.

У апошні дзень паседжання суддзя паўцягваў зачытвала вердыкт на 300 старонак. Як і ў папярэдні дзень, словы яго было ледзь чуваць. Атмасфера сталася больш напружанаю пасля абеду, калі па будынку суда пайшлі чуткі, што засталося зачытаць толькі 15 старонак вердыкту. Тым часам Вера Саўчанка, сястра Надзеі, знаходзілася за дзвярыма залі, дзе адбывалася пасяджэнне – раней суддзя загадаў не пускаць украінскіх журналістаў.

«У чым справа??? “Звезда” (расейскі пракрамлёўскі канал – заўв. рэд.)ледзь не начаваць можа ў залі, а ўкраінскія каналы хіба ні разу не пускалі! Вы сапраўды хочаце, каб мы ўзялі гэты будынак штурмам?» – у сапраўдным «майданаўскім» стылі крычыць Вера да «галоўнага спецназаўца» ў судзе.

«Ці вы разумееце, што вы цяпер гаворыце?! Гэта крымінальныя пагрозы, за гэта – артыкул!» – адказвае спецназавец.

Сапраўды, у судовую залю пусцілі амаль толькі прарасейскіх журналістаў. Акрамя таго на паседжанне правялі некалькі нікому невядомых асобаў, хіба каб больш месцаў было занята. Аднак сярод іх быў заўважаны адзін з актывістаў, які раней стаяў ля будынку ў пікеце «падтрымання расейскай судовай сістэмы».

На гэтым заключным этапе судзілішча Надзея выглядала спакойнаю, хоць часам нервы не вытрымлівалі.

«Ага, ага, цудоўна, проста цудоўна» – час ад часу казала яна, ледзь стрымліваючы смех. Напрыклад, калі суддзя з незразумелых прычынаў з асаблівай увагаю канцэнтраваўся на тым, якую адукацыю атрымала Надзея.

Чым бліжэй было да канца агалошвання выраку, тым больш зʼяўлялася ў залі ўзброеных спецназаўцаў у масках. У пэўны момант іх было ўжо 18 – столькі ж, колькі і тых, каго пусцілі ў залю назіраць працэс.

Калі расейскі суддзя ўрэшце вымавіў слова «вінаватая», Саўчанка пачала спяваць вядомую з часоў Майдану песню «Горіла шина, палала!», змяняючы апошнія радкі пра «зэка Януковіча» на «Ой, судді, судді, ви мої, два роки судили ви мене…»

«Не ведаю, ці я добра спяваю, але напэўна лепш, чым вы судзіце», – дадала яна пасля.

Неўзабаве пасля таго, як Саўчанку суд назваў вінаватаю, быў агарошаны і вырак: 22 гады зняволення.

Пасля таго, як была прачытаная апошняя старонка выраку, украінскія дыпламаты дасталі вялікі ўкраінскі сцяг і пачалі спяваць украінскі гімн. У гэты момант «галоўны спецназавец» рэзкімі жэстамі пачаў загадваць аператарам выключыць камеры. Надзея ўскочыла на лаву ў сваёй «клетцы». У судзе сталася вельмі неспакойна, а аднаму з еўрапейскіх дыпламатаў спецназавец вырваў з рук тэлефон, бо той спрабаваў зрабіць фота.

Міліцыянты хутка вывелі ўсіх з залі суда, пасля чаго Саўчанку павезлі ў ізалятар.

Апошняе слова, але ўжо пад судовым будынкам, было за адвакатамі. Мясцовыя прапуцінскія актывісты ўсяляк спрабавалі заглушыць сваймі выкрыкамі абаронцаў.

«Я не веру ў тое, што Надзея будзе адбываць тэрмін у турме ў Расеі: міжнародная супольнасць вельмі моцна цісне ў гэтай справе на Расею. У Маскву прылятае кіраўнік амерыканскага Дзярждэпартаменту Джон Кэры а таксама кіраўнік нямецкага МЗС Франк-Вальтэр Штайнмаер», – зазначыў галоўны адвакат Саўчанкі Марк Фейгін, пэўна, маючы на ўвазе, што замежныя дыпламаты будуць весці перамовы з Крамлём пра вызваленне ўкраінскай лётчыцы.

Адвакат таксама мяркуе, што існуе вялікая верагоднасць таго, што Саўчанку абмяняюць на двух расейскіх спецназаўцаў-выведнікаў, захопленых у палон на тэрыторыі Украіны.

Глядзіце таксама: Парашэнка гатовы абмяняць Саўчанку на расейскіх выведнікаў. Відэафакт

Паводле іншага адваката, Мікалая Полазава, Надзея не мае намеру абскарджваць вырак, бо «не бачыць у гэтым сэнсу».

Караль Лучка, Данецк, Растоўская вобласць, для belsat.eu

Стужка навінаў