Рух «За змаганне». Губарэвіч vs Лагвінец: хто каго?


У колах беларускай апазіцыі вялікая рэдкасць, калі ветэраны барацьбы з рэжымам добраахвотна пакідаюць працяглы час займаныя кіроўныя пасады. У нядзелю, 16 кастрычніка, рак на апазіцыйным Алімпе свісне.

У гэты дзень адбудзецца з’езд Руху «За Свабоду» – або, калі афіцыйна, справаздачна-выбарная канферэнцыя. Падчас яе экс-кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах-2006 году Аляксандр Мілінкевіч пераабірацца на старшыню руху не збіраецца і складзе паўнамоцтвы, што ён і анансаваў цягам апошніх некалькіх гадоў. Але працэс ціхай змены кіраўніцтва (па сутнасці, у фармаце аперацыі «Пераемнік») не атрымаўся, а таму арганізацыю скаланаюць скандалы, якія пахнуць расколам. Ёсць і такая сумная традыцыя апазіцыйнага жыцця.

Маўр не зрабіў сваю справу, але можа сыходзіць

Мілінкевіч: Чым бліжэй мы да Варшавы, тым далей ад Масквы

Аляксандр Мілінкевіч, фота belsat.eu

Канферэнцыя справаздачна-выбарчая. «За Свабоду» стваралася пасля прэзідэнцкіх выбараў-2006 з заяўкай на шырокі агульнацыянальны грамадска-палітычны рух і відавочна пад персону Аляксандра Мілінкевіча. Ён сыходзіць з пасады кіраўніка арганізацыі, якая праіснавала амаль дзесяць гадоў. А таму, па ідэі, з ягоных вуснаў мусяць прагучаць справаздача пра цяперашні стан Руху, аналіз таго, чаму мэты арганізацыі змізарнелі, і ўяўленне перспектывы, калі Мілінкевіч яе бачыць.

Бо з лідарам усё ясна. Таму ён сумленна і адыходзіць. Спрабуе адыходзіць…

Але ці не выглядае Рух тым самым чамаданам без ручкі? Дарэчы, па інфармацыі belsat.eu, Аляксандр Мілінкевіч стане ганаровым старшынём. Як Станіслаў Багданкевіч у АГП, напрыклад. І гэта не толькі даніна павагі палітыку, але і неабходнасць, каб ён заставаўся карыснай аўтарытэтнай шыльдай у Руху «За Свабоду», які з кожным годам усе больш распушчацца ў апазіцыйнай тусоўцы і ў якіх толькі кан’юнктурных кааліцыях не паперабываў.

Матывы Мілінкевіча зразумелыя: узрост ужо на 69 гадоў, здароўе – некалькі аперацыяў як рэха ўніверсітэцкага захаплення баскетболам, стома ад бясплённай палітычнай барацьбы. Нарэшце, згадаем адкуль прыйшоў Мілінкевіч у палітыку – «з трэцяга сектару». Па сутнасці, ён туды і вяртаецца, выношваючы ідэю стварэння Нацыянальнага ўніверсітэту замест Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

Калі заўгодна, гэта можна лічыць сінекурай для яго. І тыя, хто апошнім часам камунікаваў з Аляксандрам Уладзіміравіч, не могуць не адзначыць, з якім натхненнем ён гаворыць пра гэты пражэкт-праект у адрозненне ад палітычных тэмаў.

Не ўсе намеснікі роўныя?

Увесну 2015 году Мілінкевіч, калі балатаваўся на пасаду рэктара ЕГУ, заявіў, што дзеля гэтага пакідае палітыку. Гэта было тым самым выпадкам, калі «сыходзячы – сыходзь». Своечасовы сыход пазбавіў бы арганізацыю цяперашняй жорсткай барацьбы за старшыняванне паміж Юрасём Губарэвічам і Алесем Лагвінцом, якіх па інерцыі называюць прадстаўнікамі хвалі маладых палітыкаў. Хаця Юрыю Іванавічу ўжо 38, а Аляксандру Іванавічу – 44.

На той час кіраўніцтва Рухам «За Свабоду» пераняў фактычна першы намеснік Губарэвіч. А проста намеснік старшыні Лагвінец разглядаўся разам з Мілінкевічам на кандыдата ў прэзідэнты ад кааліцыі «Народны рэферэндум».

Губарэвіч і Лагвінец выглядалі як тандэм функцыянера-харызматыка. Лідары для ўнутранага і вонкавага плёну. Цяпер яны ў гэтых самых іпастасях змагаюцца за крэсла Мілінкевіча. І напружанасць такая, што, па сведчаннях рухаўцаў, таму, хто прайграе, будзе вельмі цяжка суцішыць амбіцыі і наагул застацца ў арганізацыі, а не тое што ў кіроўнай камандзе.

Кампрамісу бакі дасягнуць не змаглі – у прыватнасці, пра сустаршынства. І намеснікам адзін у другога таксама Губарэвіч і Лагвінец быць не жадаюць. Бо кожны мае амбіцыі, вышэйшыя за старшыняванне ў Руху «За свабоду». Прэзідэнцкія.

Пры гэтым яны не выносяць эмацыйнае супрацьстаянне ў медыйную прастору. Затое гэта робяць шараговыя рухаўцы, прыхільнікі кандыдатаў на пасаду старшыні арганізацыі. Гучаць абвінавачанні ў выкарыстанні брудных тэхналогіяў – у прыватнасці, падчас правядзення абласных і раённых сходаў, на якіх абіраліся дэлегаты на з’езды, што будуць галасаваць на выбарах новага старшыні.

Сябра Рады «За Свабоду» і адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка нават прапанаваў стварыць нешта кшталту грамадскага Камітэту за сумленныя выбары. У адкрытым звароце ён адзначае: «Барацьба за пасаду старшыні на сёння набыла ўсе адценні шэрага і нават чорнага палітычнага колеру і пагражае не проста аслабіць нашу арганізацыю, а паралізаваць ці нават знішчыць яе». Што праўда, ніякіх канкрэтных доказаў Таўстыка не прыводзіць.

Такім чынам, пакуль Руху «За Свабоду» не надта атрымліваецца дэманстраваць узорную канкурэнцыйную дэмакратыю ў асобна ўзятай арганізацыі – наадварот, навідавоку звычайныя хібы апазіцыйнага асяродку.

Нацягнута трымаецца вонкавага нейтралітэту і Аляксандр Мілінкевіч. Па яго словах, ён вызначыўся з прымальнай кандыдатурай пераемніка, але гаворыць кампліменты кожнаму з намеснікаў і сцвярджае, што агітаваць за абранніка не будзе. Ані да з’езду, ані падчас яго. Але гэта сакрэт палішынеля: Мілінкевіч цвёрда бачыць пераемнікам Губарэвіча. Унутры руху кажуць, што пратэставае галасаванне супраць твару і галоўнага менеджара арганізацыі апошніх гадоў з палітычна-меркантыльных меркаванняў малаверагоднае: шанцы на абранне старшынём Губарэвіча – 70 на 30 адсоткаў.

Кірыла Пазняк, палітычны аглядальнік

для belsat.eu

У фотакалажы выкарыстанае фота Руху “За свабоду!”

P.S.  Падрабязней пра пазіцыі Юрася Губарэвіча і Алесь Лагвінца датычна таго, хто з іх мацнейшы лідар і лепшы новы кіраўнік Руху “За Свабоду”, можна даведацца ў перадачы “Два на два”, якая выйдзе на “Белсаце” 11 кастрычніка, у аўторак, а 19.00. А 14 кастрычніка, у пятніцу, у “Размове Калінкінай” а 21.25 пра свае памылкі і планы раскажа Аляксандр Мілінкевіч.

Стужка навінаў