Аператара «Белсата» выклікаюць у суд


Тэлеаператар Аляксандр Баразенка

Нашаму калеге, аператару «Белсата» Алесю Баразенку даслалі смс-паведамленне з суду Першамайскага раёну Менску. 3 жніўня яго выклікаюць у суд па адміністратыўнай справе «аб парушэнні аўтарскіх правоў» (арт.9.21 КоАП).


Раней аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РУУС Першамайскага раёну Менску склаў пратакол на Баразенку «за парушэнне аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў». Цяпер яму пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў.

Такім чынам, праваахоўнікі хочуць зрабіць нашага калегу адказным па справе парушэння аўтарскіх правоў, звязаных з брэндам «Белсат».

Справа вакол таварнага знаку «Белсат» цягнецца амаль пяць гадоў. Паводле ўладальніка фірмы «БЕЛСАТплюс» наш тэлеканал парушае інтарэсы ягонага бізнесу. Прадпрымальнік звярнуўся ў Вярхоўны суд, але ён не задаволіў ягоныя патрабаванні.

Тады ўласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» намагаўся забараніць нашаму тэлеканалу выкарыстоўваць таварны знак «Белсат ТВ» («Belsat TV»). Але Вярхоўны Суд палічыў патрабаванні неабгрунтаванымі.

Паўторны разгляд справы ініцыяваў прэзідыум Вярхоўнага суду, а справу разглядаў іншы склад суддзяў. 4 верасня 2014 году суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі ды на інтэрнэт-старонцы.

Тым часам Алесь Баразенка лічыць, што «справу завялі, каб канфіскаваць тэхніку, на якой ён працуе» і разглядае чарговы пратакол як спосаб ціску на тэлеканал.

Падчас асвятлення пратэстаў сёлета вясной Баразенка быў затрыманы і абвінавачаны ў дробным хуліганстве, нецэнзурнай лаянцы і атрымаў 15 содняў арышту ў ЦІП на Акрэсціна.

У сакавіку 2017-га дзеля дачы тлумачэнняў у якасці сведкі па гэтай справе міліцыя забрала з менскага офісу «Белсату» іншага аператара – Аляксандра Любенчука, які мае акрэдытацыю МЗС. У яго адабралі ўсю асабістую тэхніку, а з офісу каналу вынеслі ўсе камп’ютары.

Пасля вобшуку ў менскім офісе “Белсата”

Аляксандра Баразенку дапыталі па гэтай справе на Акрэсціна, дзе ён знаходзіўся на той момант.

Журналісты нашага тэлеканалу рэгулярна церпяць пераслед з боку ўладаў ды сілавікоў. Гэтак, 30 чэрвеня пратакол склалі яшчэ на аднаго журналіста «Белсата» – Станіслава Івашкевіча, за сюжэт пра кепскія ўмовы на свінакомплексе пад Лідай. Івашкевічу даслалі позву ў міліцыю. Праваахоўнікі вінавацяць яго ў «незаконнным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары