Аператар «Белсату» Аляксандр Баразенка на сутках толькі п’е сокі, лісты да яго не даходзяць


Пра гэта belsat.eu расказаў актывіст АГП Дзмітрый Кавалгін. Учора скончыўся яго 5-дзённы арышт пасля Дня Волі. Апошнія суткі, 29 сакавіка, ён сядзеў у адной камеры з аператарам нашага канала.

Агулам у камеры было 8 чалавек, на такую колькасць людзей яна і разлічана. Усе атрымалі адміністратыўныя арышты за 25 сакавіка.

«Адносіны і атмасфера добрая», – кажа Дзмітрый.

Расклад на Акрэсціна з дня ў дзень той самы: пад’ём а 6-й, адбой а 22-й. Сняданак прыносяць паміж 9 і 10 гадзінамі. Дзмітрый кажа, што часта самі назіральнікі не прытрымліваюцца правілаў: праз паўгадзіны пасля абеду даюць вячэру.

«Самае далікатэснае – грэчка з сасіскай. Каша, бігас, катлеты ў якіх складана знайсці мяса. Адзін раз у дзень даюць гарбату. Гэта фактычна 200 мл вады на дзень, з улікам таго, што ў некаторых камерах вады няма», – расказвае Кавалгін.

Ён кажа, што Аляксандр Баразенка п’е толькі ваду, сокі і турэмную гарбату. Наш калега аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту супраць несправядлівага арышту. Першую перадачу ён атрымаў толькі ўчора, калі ў Мінск прыехала ягоная маці з адвакатам.

Дзмітрый гаворыць, што сур’ёзных канфліктаў з назіральнікамі няма. Адно што яны прыдумалі «новы» від пакарання: калі вязень удзень прылёг, яны прымушаюць яго скруціць і вынесці матрац на калідор. Аддаюць толькі на ноч і тое неахвотна.

Калі ў першыя дні арышту Дзмітрый настойліва запатрабаваў распарадак дня і паперу з асадкай, то яго ў наручніках вывелі на двор на 2 гадзіны ў адной цішотцы.

Учора ў ягоную камеру перадалі газету «Народная воля»: сядзельцы абмяркоўвалі Дзень Волі, што рабіць на 26 красавіка і ўвогуле на будучыню.

Кавалгін не бачыў, каб хто-небудзь з асуджаных атрымліваў лісты ці паштоўкі. Карэспандэнцыю не аддалі і ўчора, пад час вызвалення. У вязьняў няма паперы і асадкі.

Тэлефон актывіста вярнулі пашкоджаны: экран трэсуты, корпус пагнуты. Дзмітрыю не далі зрабіць пра гэта пазнаку ў акце.

«Верагодна, напішуць «ад подпіса адмовіўся». Так яны звычайна робяць», – кажа Кавалгін.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў