Аператар Аляксандр Баразенка на волі. Фотаздымкі


Аператар і журналіст «Белсату» Аляксандр Баразенка выйшаў на волю пасля 15 содняў адміністратыўнага арышту.

Нягледзячы на ілжывыя сведчанні міліцыянтаў і абсалютную рацыю Аляксандра, суд Маскоўскага раёну Менску вырашаў пакараць нашага калегу соднямі. Пазней суддзя гарадскога суда сталіцы не задаволіў скаргі журналіста і пакінуў прысуд у моцы.

З патрабаваннем вызваліць нашага калегу да Аляксандра Лукашэнкі звяртаўся Саюз журналістаў Украіны.

Пад мурамі Акрэсціна Аляксандра Баразенку сустракалі сваякі, ягоная дзяўчына, сябры, калегі ды проста неабыякавыя беларусы, якія хацелі падтрымаць незаконна асуджаных.

Мы правялі стрым з вуліцы Акрэсціна.

«Саша працаголік, але калі і пасля содняў ён захоча адпачыць, мяркую, мы нешта прыдумаем, каб і яму было добра, і нам: аператар – важная для нас адзінка», – заявіў афіцыйны прадстаўнік «Белсату» Аляксей Мінчонак у размове з прэс-сакратаром БАЖу Барысам Гарэцкім за некалькі хвілінаў да выхаду Баразенкі на волю.

Прадзюсар каналу Аляксей Мінчонак абдымае аператара Аляксандра Баразенку.

Сам Аляксандр пасля вызвалення заявіў, што плануе адпачыць пару дзён, але пакуль не ўяўляе, як будзе працаваць без камеры, якую ў яго сканфіскаваў на Акрэсціна Аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.

Аляксандра пад сценамі ізалятару на Акрэсціна сустракала былая вядоўца «Белсату», журналістка Кацярына Барушка і палітолаг Алесь Лагвінец.

Цягам усяго зняволення Аляксандр Баразенка адмовіўся ад ежы, ён піў толькі ваду і сокі.

ДД

Стужка навінаў