Апеляцыйны суд не задаволіў скаргі музыкі Кліма Малажавага на жорсткі прысуд


Разгляд апеляцыі адбыўся ў Менскім абласным судзе 14 лютага. Суддзя пакінуў без зменаў прысуд салісту «Botanic Project» Кліму Малажаваму – 9 гадоў за «незаконнае абарачэнне наркотыкаў».

Міліцыя затрымала Кліма і ягонага сябра Канстанціна Гарачага 27 ліпеня ў Маладзечне і каля вёскі Крыніца. У іх знайшлі каля 40 грамаў гашышу і каля 17 грамаў высушанай марыхуаны.

Начальнік аддзялення па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС Дзмітрый Сухоцкі паведамляў, што асноўным падазраваным па справе праходзіць «32-гадовы жыхар Маладзечна, заснавальнік вядомага музычнага гурта, які выконвае музыку ў стылі рэгі». Ім аказаўся Клім Малажавы.

«Усё абвінавачанне збудаванае з вусных паказанняў Косці Гарачага, без самай маленькай доказнай базы, якая б сведчыла пра распаўсюд. Ані пазначаных грошай, ані тэлефонных размоваў, ані аналізу генома – нічога. Дэманстратыўнае пакаранне дзіравай сістэмы проста паводле словаў аднаго чалавека, – пішуць музыкі. – Хутка за касяк пачнуць расстрэльваць».

У выніку Канстанціну Гарачаму далі тры гады. 12 снежня летась заснавальніка рэгі-гурта Маладзечанскі раённы суд асудзіў да 9 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў