Апазіцыю арыштаваць, газеты закрыць. Куды вядзе Турцыю Эрдаган?

video

11 лістапада Рэджэп Эрдаган плануе адкрыць Саборную мячэць у Менску. А ў Турцыі арыштоўвае апазіцыянераў ды зачыняе курдыйскія газеты. Што адбываецца ў краіне з другім па велічыні войскам НАТА?

У аўторак Маскву наведаў начальнік генеральнага штабу турэцкай арміі Хулусі Акар. Расейскае абароннае ведамства паведамляе, што размова ішла аб вайсковай супрацы і сумесным урэгуляванні канфлікту ў Сірыі.

«Расія зацікаўлена ў тым, каб Турцыя ў максімальнай ступені спыніла падтрымку сіл, якія ваююць супраць Асада ў Сірыі», – кажа расейскі вайсковы аналітык Аляксандр Грамчышын.

Турэцкая армія перастала падтрымліваць паўстанцаў у Алеппа, якое пры падтрымцы Расеі штурмуе армія Асада. Узамен Расея не ўваходзіць на поўнач Сірыі, дзе Анкара праводзіць аперацыю «Шчыт Еўфрата». Афіцыйна – супраць тэрарыстаў, але гінуць пераважна Курды, якіх яшчэ зусім нядаўна падтрымлівала Масква.

«Галоўнай мэтай дзейнасці Турцыі ў Сірыі зьяўляецца знішчэнне аўтаноміі Курдаў. Анкара апантаная гэтай мэтай робіць усё каб яе рэалізаваць», – запэўнівае эксперт у бяспецы, аглядальнік Defence24.pl Вітальд Рэпетовіч.

Напрыканцы кастрычніка ў выніку дзеянняў турэцкай авіяцыі загінула каля 200 курдаў. Але праблема не толькі ў Курдах, якія падтрымлівае ЗША. Вайсковая супраца Анкары з Масквой непакоіць Захад. Перадусім таму, што Турцыя зьяўляецца сябрам НАТА.

«Расейска-турэцкі вайсковы саюз магчымы і гэта вялізная пагроза для адзінства НАТА. Расеі падабаецца тое, што Турцыя становіцца ўсё больш агрэсіўнай, бо гэта стварае праблемы для альянсу. Цяжка ўявіць што б адбылося калі б Турцыя заатакавала Ірак, урад якога падтрымліваюць арміі 11 краінаў НАТА, у тым польскае войска», – запэўнівае эксперт у бяспецы, аглядальнік Defence24.pl Вітальд Рэпетовіч.

Але змянілася не толькі замежная палітыка Турцыі. Пасля няўдалага вайсковага перавароту ў турэцкія турмы патрапіла больш за 60 тысяч чалавек. Іх абвінавацілі ў сувязях з турэцкім прапаведнікам Фетхулахам Гюленам, які жыве ў ЗША і якога турэцкія ўлады абвінавачваюць у арганізацыі перавароту. Сярод іх ваенныя, суддзі, чыноўнікі, а нават выкладчыкі ВНУ. Некалькі дзён таму стала вядома, што прэзідэнт Турцыі звольніў амаль усіх дэканаў турэцкіх універсітэтаў.

«Няўдалы вайсковы пераварот прыспешыў працэс цэнтралізацыі ўлады ў руках прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана. Турэцкі кіраўнік выкарыстаў магчымасць каб пазбыцца апазіцыі. Сярод рэпрэсаваных асобаў не толькі прадстаўнікі апазіцыі», – мяркуе Конрад Заштовт з кафедры еўрапейскага ісламу Варшаўскага ўніверсітэту.

У першую чаргу гаворка ідзе пра журналістаў. Анкара нядаўна зачыніла 15 выданняў. У панядзелак турэцкая паліцыя арыштавала галоўнага рэдактара і аднаго з журналістаў незалежнай газеты Джумхуріэт.

«Затрыманне Мурата Сабунчу і іншых журналістаў Джумхуріэт гэта чарговая чырвоная мяжа, якую перасекла Турцыя парушаючы свабоду слова», – кажа прэзідэнт Еўрапарламенту Марцін Шульц.

Але ўсё вядзе да таго, што гэта не апошняя чырвоная мяжа Эрдагана, перасякаючы якую стыль яго кіравання ўсё больш нагадвае рэжым Пуціна.

Як Лукашэнкі ўзбройваюць арабскіх эміраў? Ці магчымы рэальны нейтралітэт для Беларусі? Якія рысы беларусаў любіць рэжысёр фільму «Асса»? Хто багацейшы – Пуцін ці Парашэнка? Галоўныя сусветныя падзеі першага лістападаўскага тыдня – у выданні «ПраСвету».

Руслан Шошын, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары