Апазіцыя аб'ядноўваецца. Караткевіч − супраць.


Брутальнае збіццё, сотні затрыманых, судовыя працэсы і новыя палітзняволеныя. Гэтак драматычна скончылася паслявыбарчая дэманстрацыя ў Менску ў 2010 годзе. Некаторыя назвалі гэта нават разгромам апазіцыі. Сумная гадавіна падзеяў Плошчы ізноў узняла пытанне: ці такога можна было пазбегчы?

«З усіх палітычных кампаніяў апошняга часу беларуская дэмакратычная апазіцыя выходзіла слабейшая за тую, што заходзіла. Прычына палягала адным і тым жа – на тым, што кожны гуляў у сваю гульню і ўрэшце прайгравалі ўсе», − мяркуе Уладзімір Някляеў, «За дзяржаўнасць і незалежнасць».

З заклікам скансалідавацца звярнуліся да апазіцыі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Як выхад з крытычнай сітуацыі прапаноўваецца правесці Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Адным са штуршкоў да гэтага кроку былі і апошнія прэзідэнцкія выбары. Адсутнасць адзінага кандыдата ды супольнага плану дзеянняў апазіцыі далі адмоўныя вынікі – мяркуюць аўтары звароту. Далей можа быць толькі горш.

Адказ прыйшоў хутка. Першымі пра гатовасць стварыць аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў заявілі апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч і Мікола Статкевіч.

«Гэты аргкамітэт, гэта ўжо сама па сабе кансультацыйная пляцоўка. Яна можа пачаць працаваць хоць і на наступным тыдні. Будзем дыскутаваць раіцца з партыямі, каб падчас кангрэсу падрыхтаваныя людзі свае выпрацаваныя пазіцыі пацвердзілі галасаваннем», − зазначае Мікола Статкевіч, былы палітзняволены.

У якіх пытаннях мусіць быць выпрацаваная адзіная пазіцыя? Прадстаўнікі апазіцыйных колаў ужо сёння не сумняюцца.

«Гэта сцэнар удзелу апазіцыі ў парламенцкіх выбарах і адносіны апазіцыі да тых палітычных працэсаў, якія пачаліся ў звязку з ацяпленнем стасункаў паміж Беларуссю і Еўразвязам», − дадае Уладзімір Няклялеў.

Са словаў першых сябраў аргкамітэту Кангрэсу, ідэю падтрымала ўжо большасць апазіцыйных рухаў.

«Ад Еўрапейскай Беларусі Андрэй Саннікаў, ад руху салідарнасці «Разам» Сіўчык, ад Маладога фронту Дашкевіч, а таксама ад БСДП пагадзілася Вештард», − дзеліцца Мікалай Статкевіч.

Некаторыя лідары апазіцыйных партыяў яшчэ не вызначыліся.

«Пажывём пабачым. Калі будуць доказы, што гэта патрэбна ды мы адчуем, што гэта патрэбна – мы падтрымаем», – адзначае Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.

Адзіны рух, які адкрыта заявіў пра немэтазгоднасць Кангрэсу, – арганізацыя «Гавары праўду». Лідар суполкі Андрэй Дзмітрыеў зазначыў, што ініцыятыва, як і ранейшыя падобныя, можа прывесці да яшчэ большага раз’яднання апазіцыі. Паплечніца Дзмітрыева і былая кандыдатка на прэзідэнцтва падчас апошніх выбараў Таццяна Караткевіч таксама супраць.

«Я лічу, што не трэба ствараць новых фармальных абʼяднаўчых структураў. Трэба абʼядноўвацца ў дзейнасці» − дзеліцца Таццяна Караткевіч, актывістка «Гавары праўду».

А стваральнікі аргкамітэту заяўляюць, што нават калі Кангрэсу не падтрымаюць усе палітычныя і грамадскія арганізацыі, ён усё роўна адбудзецца. Са словаў палітыкаў, часу застаецца няшмат, таму не выключана, што агульны сход адбудзецца ўжо ў лютым-сакавіку.

Ян Бабіцкі, Белсат

Стужка навінаў