Апазіцыйнай дэпутатцы Ганне Канапацкай зрэзалі заробак


Дэпутатцы Ганне Канапацкай не ўключылі ў табель уліку працоўнага часу за чэрвень два дні, калі яна выязджала за мяжу без дазволу Адміністрацыі прэзідэнта. Канапацкай патлумачылі, што іншыя парламентарыі могуць зайздросціць яе рэгулярным паездкам, а сама яна выступае за мяжой з пазіцыяй, адрознай ад той, што выказвае Палата прадстаўнікоў.

Апазіцыйны дэпутат распавяла TUT.BY, што яе хвалююць не страчаныя дні заробку, а спроба такім чынам абмежаваць яе права выказваць альтэрнатыўнае меркаванне.

«У нас існуе парадак выезду дэпутатаў за мяжу і ён рэгулюецца, удумайцеся, указам прэзідэнта. Паводле гэтага ўказа, камандзіроўка дэпутата ўзгадняецца з адміністрацыяй прэзідэнта не пазней за 10 дзён да даты выезду. Уяўляеце – я дэпутат, і сядзіць нейкі клерк у адміністрацыі і вырашае, трэба дэпутату ехаць за мяжу ці не трэба!», – абураецца Канапацкая.

За час свайго дэпутацтва Канапацкая была ў Берліне, Стакгольме, двойчы ў Варшаве. «Гэта заўсёды былі кантакты з парламентарыямі, журналістамі, дыпламатамі», – кажа яна.

Але пасля апошняй паездкі ў Брусэль 27-28 чэрвеня на сустрэчы ў Еўрапарламенце за гэтыя два дні ёй вырашылі не плаціць заробак.

Дэпутатка напісала запыт у сакратарыят Палаты прадстаўнікоў, каб даведацца, на якой падставе гэтыя два дні не ўключылі ў табель. Ёй адказалі, што за гэтыя пытаньні адказвае старшыня яе камісіі (па эканамічнай палітыцы) Уладзіслаў Шчэпаў.

«Мы з ім сустрэліся і ён мне кажа: Ганна, вы парушылі парадак выезду за мяжу, таму я вам дні ў табель не ўключыў. Ён мне прапанаваў пісаць тлумачальную, але на якой падставе я павінна яе пісаць?», – распавядае Канапацкая.

Яна прапанавала прыцягнуць яе да адказнасці за парушэнне парадку выезду, аднак Шчэпаў адказаў, што «гэта не яго рашэнне» і параілі вырашаць пытанне з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў.

Канапацкая кажа, што ўжо не пойдзе да кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Быў досвед не самых прадуктыўных размоў на гэтую тэму.

«Ён мяне ўжо пытаўся: Ганна Анатольеўна, а навошта вам туды ехаць? Іншым дэпутатам зайздросна – вас запрашаюць, а іх не. Па-другое, калі вы паедзеце, вы ж будзеце казаць іншае, а нам трэба вось гэта. І апошні аргумент – гэта не дэпутацкая дзейнасць. Вось у мяне былі тры такія сустрэчы, больш я на іх не пайду», – тлумачыць дэпутатка.

Цяпер Ганна Канапацкая піша па дакладной запісцы на кожны свой выезд за мяжу і ёй увесь час прыходзяць адказы аб тым, што лічаць яе паездкі немэтазгоднымі.

«Гэтыя два дні – гэта спроба ціску. І ў наступны раз яны зробяць тое ж самае. Справа не ў двух днях зарплаты, для мяне гэтыя грошы вялікай ролі не граюць. А справа ў тым, што ніхто не разумее, як і што павінен рабіць дэпутат. Я хачу памяняць сітуацыю і каб памянялася мысленне: калі ёсць апазіцыйны дэпутат, у яго ёсць права казаць меркаванне адрознае ад пункту гледжання Палаты. Гэта нармальна, гэта і ёсць плюралізм меркаванняў, і гэта добра для Беларусі».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў