Апазіцыянер Вінаградаў атрымаў арышт, штраф і год нагляду


Актывіст моладзевага аб’яднання «Змена» кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў арыштаваны на 15 дзён, атрымаў штраф ды мусіць знаходзіцца пад наглядам міліцыі дадатковы год, паведаміла ў «Фэйсбуку» жонка дзеяча Святлана Вінаградава.

Суд абвінаваціў яго ў п’янстве і дробным хуліганстве, якое маладзён нібыта ўчора ўчыніў у будынку Маскоўскага РУУСу. Раніцаю ж Вінаградава аштрафавалі на Br 1,2 млн – за перабыванне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

Сам Вінаградаў у судзе агучыў перакананне, што абедзве гэтыя справы – сфабрыкаваныя міліцыяй, каб працягнуць прэвентыўны нагляд. Актывіст застаецца пад такім наглядам ужо больш як два гады.

Дзеяча затрымалі ўчора ў міліцыі Маскоўскага раёну Менску. Актывіст пайшоў туды, каб напісаць заяву на дазвол паездкі ў Беразіно, напісала Святлана Вінаградава ў сацыяльных сетках.

У пятніцу 10 кастрычніка ў Менску мае адбыцца саміт кіраўнікоў СНД і Еўразійскага эканамічнага саюзу. Паўла Вінаградава затрымлівалі перад візітамі Пуціна і іншых высокіх гасцей з усходу.

МВ, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў