Апазіцыя адмовілася ад вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 г.


Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Аб’яднаная грамадзянская партыя заблакавалі ініцыятыву правядзення кангрэсу дэмакратычных сілаў, дзе мелі абраць лідара апазіцыі.

Падчас кансультацыяў 1 снежня прадстаўнікі сямі дэмакратычных арганізацыяў: Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», руху «За Свабоду», Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), дзве апошнія партыі пацвердзілі сваю ўпэўненасць, што сёння няма магчымасці вылучыць адзінага кандыдата.

Нагадаем, што сёлета «Справядлівы свет» і АГП адмовіліся падпісаць дакумент, які вызначаў працэдуру абрання адзінага. Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец у каментары «Еўрарадыё» канстатаваў бяссілле беларускай апазіцыі.

«Што тычацца адзінага кандыдата і Кангрэса, то на гэты момант адзінства няма і трыўмфуе безадказнасць. Спадзявацца на сённяшнюю апазіцыю ў сённяшняй канфігурацыі не выпадае».

Напярэдадні прыняцця канчатковага рашэння адмовіцца ад працэдуры абрання адзінага, лідар АГП Анатоль Лябедзька ў эфіры «Белсату» заявіў, што «гатовы ўвязацца» ў выбарчую кампанію. Палітык матываваў сваё рашэнне пагрозай легітымізацыі прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.

Раней пра прэзідэнцкія амбіцыі заявіла Беларуская партыя левых «Справядлівы свет». Каля 60% чальцоў партыі лічаць, што мусіць быць вылучаны ўласны кандыдат у прэзідэнты.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі сямі дэмакратычных арганізацыяў не пайшлі на вылучэнне, ў якасці адзінага, палітвязня Міколы Статкевіча. З такой прапановай сёлета звярнуўся да апазіцыі Анатоль Лябедзька.

ЮВ, паводле БелаПАН, euroradio.fm

Стужка навінаў