«Антыпаўстанцкія войскі» АДКБ паднялі па трывозе


Пачалася раптоўная праверка гатовасці воінскіх кантынгентаў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання дзяржаў АДКБ да выканання задач па прызначэнні, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Ад Беларусі ў склад КСАР АДКБ уваходзіць 103-я гвардзейская асобная мабільная брыгада сіл спецыяльных аперацый. Да праверкі прыцягваецца ўзмоцненая мабільная рота. Усяго ад Узброеных сіл Беларусі ў мерапрыемстве будуць задзейнічаныя прыкладна 100 вайскоўцаў і больш як 15 адзінак тэхнікі.

Падчас праверкі падраздзяленню трэба будзе ажыццявіць перагрупоўку паветраным транспартам да месца правядзення вучэнняў – на тэрыторыю Таджыкістана, дзе ў адпаведнасці з задумай праверкі беларускія вайскоўцы возьмуць удзел у выкананні вучэбных задач сумесна з вайскоўцамі іншых краін у складзе групоўкі КСАР АДКБ (Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан).

У 2011 годзе Лукашэнка заявіў, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання маюць супрацьстаяць спробам пераваротаў у краінах-удзельніцах АДКБ. Аднак Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа амаль адразу адрэагаваў: «АДКБ не будзе браць на сябе жандармскіх функцыяў».

Тым не менш КСАР неаднаразова адточвалі свае дзеянні супраць «узброеных груповак», у тым ліку ў гарадской мясцовасці. Сцэнары такіх вучэнняў нярэдка нагадвалі здушэнне народных хваляванняў.

МЛ / БелаПАН

Стужка навінаў