Анты-ТОП падарункаў на 8 сакавіка. Мужчыны, увага!


Бераце «нізкі старт» за трыма гваздзічкамі і плюшавым мішкам? Пакуль не позна, спыніцеся. Мы падрыхтавалі антырэйтынг найгоршых падарункаў да 8 сакавіка.

Падарункі – гэта справа вельмі асабістая, кожны мае розныя густы і жаданні, таму парадаў-аксіёмаў тут быць не можа. Тым не менш, метадам бліц-інтэрвю мы высветлілі, якія падарункі, хутчэй за ўсё, могуць не спадабацца сучаснай жанчыне.

1. Рондлі з накрыўкамі і без, патэльні

Калі вы віншуеце са святам, то няхай і падарунак будзе святочным. Нашыя суразмоўцы найчасцей узгадвалі менавіта рондлі як самы непажаданы прэзент. Гэта прылады хатняй працы, якую найчасцей у беларускіх сем’ях выконваюць жанчыны. З дня на дзень, круглы год (ну, можа акурат акрамя 8 сакавіка). Лішні раз нагадваць сваёй жанчыне пра боршч не варта, калі яна не Лідзія Ярмошына.
Сюды ж трапляюць іншыя прылады, звязаныя з хатнімі працамі, напрыклад швабры, ёршыкі і шчоткі. Але, спадзяемся, вам гэта ў галаву і не прыходзіла.

2. Мыла, шампунь, касметыка

Даўно мінулі тыя часы, калі добрае мыла, шампуні, бальзамы а таксама наборы касметыкі былі дэфіцытам. Калі вы «па інерцыі» прыпыніліся ля паліцы з шампуням, то лепш ідзіце далей. Гэта нават не банальны, гэта ўжо недарэчны падарунак. З касметыкай і парфумаю ўвогуле трэба быць асцярожным – калі ў гульню ўваходзяць водары, маркі, густ, памыліцца вельмі лёгка. А набор крэмаў супраць цэлюліту і маршчынаў можа і абразіць.
Адзіным выключэннем можа быць эксклюзіўнае хэнд-мэйд мыла, якое робяць малымі партыямі з натуральных кампанентаў і якое мае больш эстэтычных функцыяў, чым уласна «адмывальных».

3. Плюшавыя мішкі, керамічныя слонікі

Калі падарунак адрасаваны асобе, старэйшай за 12 гадоў, то ён не мае права быць забаўковым мядзведзікам! Нават (тым больш!) калі ён белы і трымае ў лапках сардэчка. Нават калі гэта зайчык, а не мядзведзік. Або кракадзіл.
Сюды ж трапляюць танныя кітайскія сувеніры, якія можна паставіць на палічку для збору пылу. Гэта ўсё – непатрэбныя рэчы, якія выкінуць шкада, але… рана ці позна ўсё ж апынуцца ў сметніцы.

4. Жоўтыя цюльпаны. Чырвоныя гваздзікі

Кветкі на 8 сакавіка – гэта вельмі прадказальна. Што, зрэшты, не азначае, што гэта кепскі падарунак ці дадатак да падарунку. Адзінае пажаданне – няхай гэтыя кветкі не будуць «дзяжурнымі». Тры жыдзенькія гваздзічкі. Адна ружа другой свежасці. Цюльпаны – якія былі. У краме з кветкамі не глядзіце, што купляюць іншыя мужчыны і ўвогуле абстрагуйцеся ад таго, што вы бачылі ў школе і дружным працоўным калектыве, ад таго, як гэта робяць «усе». Вы можаце папрасіць прадавачку скампанаваць букет менавіта з тых кветак і дэкаратыўных раслінаў, якія палічыце найлепшым спалучэннем.

5. «Са святам, прадстаўніцы слабога полу!»

Для прыхільніц фемінізму і эмансіпацыі сам факт віншавання можа быць непрыемным. Бо 8 сакавіка можа асацыявацца акурат з дыскрымінацыяй, савецкасцю і падкрэсліваннем ролі жанчын як «слабога полу». А яшчэ – падставаю падняць кілішак «за слабы пол».

Падрыхтаваў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары