Антон Матолька распавёў, як размаўляць з чыноўнікамі і вырашаць пытанні з дапамогаю інтэрнэту


На сустрэчу HrodnaMediaRoom у Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні, завітаў грамадскі актывіст, блогер і фатограф Антон Матолька, які апошнія пару гадоў не дае спакойна жыць менскім гарадскім уладам сваймі няспыннымі электроннымі зваротамі.

Ягоная петыцыя з заклікам забараніць парады вайсковай тэхнікі ў межах Менску, сабрала тысячы подпісаў. Ён судзіўся з БТ за скрадзеныя здымкі. Сваёй актыўнасцю менчуку ўдалося дамагчыся, каб у цэнтры сталіцы з’віліся платныя паркоўкі, не без яго ўдзелу ўдалося захаваць квартал Асмалоўка. Актывіст нават прымусіў гаварыць пра знос дрэў першую асобу краіны.

У выніку ў траўні 2017 года сумесна з сайтам #RFRM стартаваў асобны праект #МотолькоПомоги, накіраваны на вырашэнне лакальных праблем і пытанняў у сталіцы і паза яе межамі.

«Калі я разумею, што чалавек не падыме сваю пятую кропку, я таксама нічога не буду рабіць»

«#МотолькоПомоги – гэта была проста смешная назва, каб прыцягнуць увагу. Праект акумулюе прыклады, як можна вырашаць праблему. Беларусы ў нас людзі хітрыя і таму яны натуральна захацелі, каб прыходзіў Матолька і вырашаў за іх праблему. Па факту адбываецца 50 на 50. Нехта піша: «Матолька памагі», а я сам нічога не буду рабіць. Калі я разумею, што чалавек не падыме сваю пятую кропку, я таксама нічога не буду рабіць. Калі я бачу, што чалавек сапраўды хоча вырашыць нейкае пытанне і гатовы яго вырашаць, я спрабую падказаць. Першапачаткова мая задача была паказаць проста на сваім прыкладзе, як можна нешта змяняць», – кажа Антон Матолька пра свой новы праект.

Як прыцягнуць увагу да праблемы?

«У нас ёсць паказальны прыклад – гэта будаўніцтва заводу ў Калодзішчах. Тады вельмі шмат людзей пісала #МотолькоПомоги. Калі ў вас ёсць публікацыя на tut.by, гэта ўжо вельмі добра. Але гэтага ўсё роўна мала. Я ім пішу, што каб прыцягнуць увагу да праблемы, трэба ўзяць і перакрыць трасу. Яны такія: «У сэнсе? Я сур’ёзна да Вас звяртаюся». Я таксама сур’ёзна! Бо, каб прыцягнуць увагу да нейкай праблемы, трэба зрабіць інфанагода. Што ў вас там нешта будуюць, ужо напісалі. Нічога новага не адбываецца. Ну, вырубяць дзве тысячы дрэў, паставяць ачышчальныя збудаванні, каля вашых дамоў і ўсім абыякава. Як толькі адбудзецца «жанчына на кране», на гэта звернуць увагу. Бо без інфанагода мы пагаварылі, але там усё па закону. А менавіта грамадскім рэзанансам, прыцягненнем вялікай колькасці людзей і ўвагі, магчыма, ёсць шанец, што гэта можна неяк памяняць», – тлумачыць Антон Матолька.

«Насамрэч адэкватных чыноўнікаў вельмі шмат»

Адной з галоўных пытанняў, якія падымаліся ў часе размовы, было: як прымусіць улады рэагаваць на тыя праблемы, якія выказваюцца ў сацыяльных сетках?

«Адказваюць адэкватныя чыноўнікі.

Часцей за ўсё, ніякі чыноўнік не вырашыць вашую праблему толькі праз сацсеткі. Я спрабую пра гэта казаць усім апошні год. Запіс у сацсетках мае такі ж самы рэзананс, як размова на кухні, у лепшым выпадку пачуюць суседзі. Усе павінны памятаць, што фэйсбук, на якім мы ўсе сядзім, гэта маленькае гета, дзе збіраецца маленькі адсотак беларусаў.

Калі ёсць праблема, пісаць у фэйсбук трэба. Але ў першую чаргу пісаць праз сайт ДАІ, рай і аблвыканкамаў, каб на сподачку прынесці ім гэту праблему. Далей, калі яны не спяшаюцца яе вырашаць, ужо выкарыстоўваць іншыя метады. Людзі, якія вядуць сацсеткі дзяржустановаў, адэкватныя ў большасці, яны адкажуць і не Матольку. Заўсёды прыводжу ў прыклад Віталя Навіцкага з МНС, які па справе заўсёды адказвае на прэтэнзіі, калі яны абгрунтаваныя. Хоць рэагуюць па-рознаму. Менгарвыканкам мяне забаніў увогуле. Каб не адказваць на мае пытанні, проста забаніў. Менгарвыканкам сказаў, што я пакрыўдзіў Шорца нейкай лаянкай. Я мяркую, што, калі паставіў кліп гурта BRUTTO «АДИДАС», Менгарвыканкам відаць пакрыўдзіўся».

Ці нешта змяняецца?

«Адныя мяне забанілі, іншыя запрашаюць на свае мерапрыемствы. У нас вельмі моцна мяняецца ўзрост чыноўнікаў. Болей адэкватных. У непублічнай прасторы ўсё болей людзей выказваюць свой пункт гледжання. Бачна, што людзі не прыйшлі з нейкай акасцянелай структуры, а спрабуюць нешта змяніць, пры гэтым, працуючы ў сістэме, якая зараз ёсць. Вынікі ёсць. Але гэта не вынік аднаго чалавека. Напрыклад Асмалоўка – гэта чатыры ці пяць НДА, жыхары, паўменску, які аб’яднаўся. Бузоўскі, Камітэт архітэктуры раёну. У комплексе атрымалася так, што канкрэтна гэтае пытанне атрымалася адстаяць», – распавядае актывіст.

Па вырашэнні гэтых лакальных пытанняў, усё ўпіраецца ў фінансаванне. Калі нешта можна вырашыць больш менш меншай крывёй, адэкватны чыноўнік дапаможа. Калі гэта нельга вырашыць невялікімі фінансавымі затратамі, тады адэкватны чыноўнік падкажа, як Вашыя патрэбы ўключыць у планаванне бюджэту на наступны год, – лічыць Антон Матолька.

Таксама блогер заўважае, што добра працуюць менавіта калектыўныя звароты.

«У палітыку не збіраюся. Па-за сістэмаю я магу зрабіць больш»

«Вельмі шмат адэкватных чыноўнікаў ёсць, якія працуюць у межах сістэмы. Пры гэтым заканадаўча сістэма іх вельмі абмяжоўвае. І па-за гэтай сістэмай я магу зрабіць нашмат больш, чым калі я пайду і буду дэпутатам ці яшчэ кімсьці. Я вельмі шмат размаўляю з Міністэрствам спорту і турызму і бачу, як яны працуюць. Я бачу, наколькі гэтая сістэма недасканалая і пакуль яна такая, на жаль, нічога нельга зрабіць. Яе трэба рэфармаваць з нуля. Я бы пайшоў, але не ў гэту кампанію. Не ў гэту каманду, што называецца», – каментуе блогер.

Апошняе традыцыйнае пытанне, якое ставіцца выступоўцам у HrodnaMediaRoom: што для Вас свабода?

«Не баяцца пераследу за свае выказванні. Ёсць правіла, якое я стараюся захоўваць, – дзейнічаць у межах закона. Але, калі закон пішацца гэтак, што яго не парушыць нельга, да прыкладу, нельга крытыкаваць прэзідэнта, гэта складана. Таму гэта тое, чаго нам не хапае. Не баяцца выказаць сваё меркаванне, але адначасова паважаючы суразмоўца», – адказвае Антон Матолька.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў