АНТ пакарае журналіста, які пусціў у эфір ахінею віцэ-прэмʼера


Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін на адну хвіліну ператварыўся ў старую версію «Google Translate». Цяпер увесь байнэт кпіць з яго коснаязыкасці.

«Большасць нашых грамадзянаў карыстальнікаў ІТ-тэхналогіямі і інтэрнэт-рэсурсам з 9,5 мільёна грамадзянаў маюць абаненцкае прыкладанне і карыстанне каля 13 мільёнаў нашых грамадзянаў. Гэта сведчыць аб тым, што створаны рэсурс, які дазваляе любому карыстальніку выкарыстоўваць самыя сучасныя трафікі для ўкаранення інтэграцыі і развіцця сваіх магчымасцяў попыту інтарэсаў», – сказаў Калінін. Гэты набор словаў пайшоў у эфір тэлеканалу АНТ.

«Журналіст прыехаў са здымак за дзве хвіліны да эфіру. Не да канца адгледзеўшы відэа, ён змантаваў яго, выдаў. І праз тое, што бракавала часу, не было магчымасці яго прагледзець, праверыць. У нас жа звычайна відэа правяраецца выпускным рэдактарам. Гэтую памылку заўважылі, калі было ўжо позна», – пракаментаваў nn.by недарэчны інцыдэнт дырэктар інфармацыйнага вяшчання АНТ Руслан Паддубскі.

«Віцэ-прэмʼер не пакрыўджаны. Гэта працоўныя моманты, ён усё разумее», – дадаў Паддубскі і адзначыў, што сёння Калінін прыйдзе на АНТ і дасць інтэрвʼю старшыню праўлення АНТ.

«Гэта неахайнасць журналіста, чыстая! Што з усяго інтэрвʼю выбралі менавіта некарэктную частку. І нейкія дысцыплінарныя захады да яго безумоўна будуць ужытыя, бо гэта парушэнне вытворчай дысцыпліны», – падсумаваў Паддубскі.

Інтэрнэт-карыстальнікі параўналі Анатоля Калініна з мэрам Кіева Віталём Клічком і беларускай экс-міністаркай Надзеяй Каткавец.

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Стужка навінаў