«Я вырашыла не абараняць дыплому». Інтэрв’ю з беларускай з рэйтынгу «Forbes»


Валанцёрка праваабарончага цэнтру «Вясна» стала вядомай пасля таго, як трапіла ў топ-30 перспектыўных асобаў Еўропы да 30 гадоў паводле версіі часопісу «Forbes». Гэта стала магчымым дзякуючы, сярод іншага, артыкулу «Белсату».

Чаму 21-гадовая Анісія Казлюк адмовілася ад абароны дыплому? Кім бы яна хацела стаць, калі б не было патрэбы абараняць правы беларусаў? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча.

– Што для вас значыць такая ацэнка «Forbes», і як вы наагул плануеце скарыстацца з гэтай намінацыі?

– Для мяне гэта было вельмі нечакана. У прынцыпе, гэтую ацэнку я ўспрымаю не як нейкую асабістую ўзнагароду, а як узнагароду ўсёй нашай дзейнасці валанцёрскай службы, бо мы робім вельмі шмат карысных рэчаў.

– Ці вы самі сябе лічылі будучыняй Беларусі, маладой і перспектыўнай?

– Я не ўспрымала сябе будучыняй Беларусі, але я заўсёды ведала, што я хачу займацца праваабарончай дзейнасцю, і што ў прынцыпе для сябе я дасягаю пэўных вынікаў, што мяне задавальняе і вельмі цешыць.

– Ёсць меркаванне, што гэтая намінацыя – не ацэнка вашых дасягненняў, а нейкая палітычная рэакцыя. Што вы можаце сказаць у сувязі з гэтым?

– Я магу сказаць, што гэта дакладна не палітычны ход. У прынцыпе, тое, што звязаліся менавіта са мной, было рэакцыяй на маё затрыманне, але гэта ніяк не звязана з PR ці з нечым падобным. Гэта адзнака нашай дзейнасці, і ў прынцыпе праваабарончага руху ў Беларусі.

– Некаторыя нядобразычліўцы кажуць, што ў вас добрыя перспектывы трапіць за краты праз вашую дзейнасць. Ці вы баіцеся гэтага?

– Такія перспектывы ёсць у кожнага праваабаронцы «Вясны», бо «Вясна» ёсць арганізацыяй, пазбаўленай рэгістрацыі, а ў Беларусі дзее артыкул Крымінальнага кодэксу 193-1, паводле якога нашая дзейнасць ёсць дзейнасцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэта цягне крымінальную адказнасць. Я гэтага не баюся і іду на гэта асэнсавана, таму што я разумею ўсе рызыкі.

Наконт таго, што выдае па маім запыце «Google» – насамрэч затрыманняў было толькі два. Было затрыманне 25 сакавіка, калі ў наш офіс уварваліся некалькі амапаўцаў і падчас нашага інструктажу па назіраннях на Дзень Волі нас усіх паклалі тварам на падлогу, а потым усіх завезлі ў РУУС. Афіцыйна гэта не лічылася затрыманнем, толькі запісалі нашыя асобы. А другое затрыманне адбылося на мяжы. Мне падаецца, што яно не было выпадковым, як яны мне пазней тлумачылі. У іх нешта высветлілася на экране, калі яны мяне затрымлівалі. Агулам я не лічу, што ў мяне ёсць перспектывы трапіць за краты.

– Чаго вы тады баіцеся наагул у жыцці?

– Складанае пытанне, я стараюся нічога не баяцца.

– Ёсць такое меркаванне, што праваабарончыя рухі ў Беларусі звязаныя з разнастайнымі левымі рухамі і больш схіляюцца ў левы бок?

– Перш за ўсё трэба разумець, што праваабаронцы – гэта не палітыкі, мы гэта падкрэсліваем на кожным нашым мерапрыемстве. Праваабарончая дзейнасць прадугледжвае апалітычнае стаўленне. Я думаю, што такія думкі з’явіліся ў сувязі з тым, што цяпер самымі ўразлівымі меншасцямі ёсць прыхільнікі нейкіх левых рухаў, тыя самыя анархісты, таму больш часу ідзе на дапамогу ім. Насамрэч у нас няма ніякай перадузятасці, мы дапамагаем усім – і асуджаным, якія зазнаюць пераслед праз нейкія палітычныя прыхільнасці.

– Калі мы ўявім, што ў Беларусі ўсё цудоўна, і для праваабаронцаў не засталося працы наагул, што б вы рабілі?

– Па-першае, такая сітуацыя немагчымая, бо пры кожнай уладзе, пры кожным рэжыме будуць людзі, чые правы будуць парушацца, таму вельмі складана ўявіць такую сітуацыю. Але калі ў паралельным сусвеце такое адбудзецца, то напэўна тады я б стала шэф-кухарам.

– У «Фэйсбуку» нядобразычліўцы пісалі пра адсутнасць у вас адукацыі. На што вы напісалі, што ў вас наконт гэтага ёсць адная цудоўная гісторыя. Ці можаце распавесці?

– Гэта адбылося год таму. Праз асабістыя абставіны я сышла на завочную форму навучання на апошнім годзе. Высветлілася, што з завочнікамі ў мяне розніца ў адную курсавую – мне трэба было напісаць курсавую працу. Я яе напісала, абараніла на 8 балаў. Падчас абароны, калі я размаўляла з выкладчыкам, ён спытаў, чаму я сышла. Я распавяла, што тады я акурат дапамагала праваабарончай арганізацыі «Human Constanta», апытвала ўцекачоў у Берасці. На што я сустрэла вялікую колькасць негатыву з боку выкладчыка. Ён даволі агрэсіўна зрэагаваў на гэта і сказаў, што мне трэба было ставіць пяцёрку замест васьмёркі, што я больш не заслугоўваю. Тады я зразумела, што мне будзе складана абараніць дыплом, які я мусіла была пісаць таксама ў гэтага ж выкладчыка. Я ўсё роўна пісала. Пазней у нас з ім адбылася камунікацыя, падчас якой ён проста кінуў слухаўку, не даслухаўшы мяне. Я вырашыла, што не пайду на абарону дыплому, гэта прынцыпова. Праз гэта дыплому я не атрымала.

– Якія перспектывы вы бачыце для сябе ў Беларусі? То бок для сябе асабіста і для сябе як для праваабаронцы?

– Я намагаюся жыць сённяшнім днём, не планую асабліва на будучыню. Я збіраюся больш актыўна займацца валанцёрскай службай, я буду яе каардынаваць. Таксама мы будзем праводзіць розныя адукацыйныя акцыі не толькі ў Менску, але ва ўсёй Беларусі.

Мы хочам стварыць сетку валанцёраў, якія б цікавіліся правамі чалавека і якія хацелі б гэтым займацца. Таксама ў нас рэгулярна праводзяцца сустрэчы, даволі нефармальныя, калі мы глядзім кіно, проста размаўляем – звычайна мы робім гэта ў пятніцы. Праз валанцёрскую службу я знайшла вельмі шмат добрых сяброў.

– А вось персанальна для сябе якія мэты вы ставіце ў праваабарончай дзейнасці? Ці ёсць у вас нейкі індыкатар: маўляў, я працую добра, я чагосьці дамаглася?

– Такім індыкатарам у першую чаргу ёсць асобы, якіх мы прыцягваем да сваёй дзейнасці, асобы, якім цікава пра гэта даведвацца. Напрыклад, у мінулым годзе мы шмат увагі прысвяцілі гораду Гомлю, дзе мы адкрылі свой кінаклуб. Калі пасля імпрэзы праводзіліся размовы з людзьмі ў нефармальным варыянце, некаторыя казалі, што яны сапраўды пачалі больш думаць, больш заўважаць вакол сябе – і гэта самы круты паказнік.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 29 студзеня 2018 г.

Таксама ў праграме:

  • Сцэнар вайны для Беларусі. Навошта нам Кітай?
  • «Беларусі трэба паціху пашыраць супрацу з НАТА». Інтэрв’ю з Аннай Марыяй Дынер, даследчыцай з Польскага Інстытуту Міжнародных Справаў, якая вывучае праблемы палітыкі і бяспекі Беларусі і Расеі
  • Давос. Жыве глабалізацыя без Беларусі
  • Дзеці гінуць ад хімічнай зброі. Хто адказны за смерці? + аналіз аперацыі Турцыі супраць курдаў
Глядзі таксама
Каментары