Анісім і Канапацкая пакуль не знаёмыя, але бачаць адна ў адной саюзніц

video

Алена Анісім і Ганна Канапацкая – дзве дэмакратычныя кандыдаткі, якія сталі дэпутаткамі Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання па выніках парламенцкіх выбараў, пакуль не знаёмыя, але бачаць адна ў адной саюзнікаў. Гэта вынікае з іх заяў, зробленых 13 верасня.

Так, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны (ТБМ) Алена Анісім падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Naviny.by на пытанне, ці будзе яна супрацоўнічаць з Ганнай Канапацкай, адказала, што перш за ўсё ёй трэба пазнаёміцца з Канапацкай.

«Першачарговая задача – спрыяць, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай»

На ўдакладненне, ці змогуць яны з Канапацкай удзвюх супрацьстаяць у парламенце агульнай «лініі партыі» і ці не будуць на іх за гэта націскаць, Анісім адказала: «Лінія партыі пачынае вагацца, і я думаю, што нас можа быць значна больш, каб гэтую лінію павярнуць у патрэбны грамадству бок».

Анісім падкрэсліла, што не ўспрымае парламент як «варожы лагер». «Для мяне гэта месца для працы, і вынік яе будзе залежаць ад тых намаганняў, якія я прыкладу, – сказала яна. – У парламенце бачу сваю ролю ў тым, каб быць трыбунам ад імя людзей, якія маюць альтэрнатыўны погляд на развіццё нашай краіны і зацікаўленыя ў яе паспяховай будучыні».

Новаабраная дэпутатка паведаміла, што ў першую чаргу мае намер прасоўваць у парламенце законапраект аб падтрымцы беларускай мовы. «Першачарговая мая задача – спрыяць, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай, штодня гучала ў парламенце. Вынесу на разгляд дэпутатаў праект закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, які падаваўся ў парламент папярэдняга склікання, але не быў падтрыманы», – сказала яна.

Акрамя таго, Анісім будзе дабівацца стварэння нацыянальнага ўніверсітэту з беларускай мовай навучання і новага, цалкам беларускамоўнага, дзяржаўнага тэлеканалу. Яшчэ адна яе ініцыятыва – каб усе законапраекты рыхтаваліся на дзвюх дзяржаўных мовах.

«Пытанне пра статус бел-чырвона-белага сцяга актуальнае»

Адказваючы на пытанне, ці варта падняць у парламенце пытанне аб статусе бел-чырвона-белага сцяга, каб за яго выкарыстанне грамадзянаў не пераследавалі, дэпутат адзначыла: «Думаю, што гэтае пытанне актуальнае, і ўсё гатова для яго станоўчага рашэння».

Што датычыць праблем эканомікі, то, паводле слоў Анісім, яна мае намер рэалізоўваць пункты сваёй перадвыбарнай праграмы: перагледзець сістэму заробкаў, каб не было істотнай разбежкі паміж заробкам дэпутата-бюджэтніка і работніка культуры, настаўніка і медсястры; ажыццявіць паўнавартасную пенсійную рэформу; зрабіць сістэму падаткаабкладання максімальна празрыстай і прадказальнай.

Дэпутат паабяцала апублікаваць у інтэрнэце сваю дэпутацкую зарплату, як толькі яе атрымае.

На пытанне, ці прызначылі яе ўлады ў Палату прадстаўнікоў або далі магчымасць рэальна выйграць, Анісім адказала: «Калі б я не сустракалася з выбарцамі і не адчувала іх падтрымання, а проста сядзела ў кабінеце або інтэрнэце, то можна было б лічыць, напэўна, што мяне хтосьці прызначыў. Але шквал тых віншаванняў, якія я атрымала, тыя тэлефонныя званкі з акругі ад выбарцаў сведчаць пра рэальнае падтрыманне маёй кандыдатуры. На асобных участках за мяне прагаласавала 75% выбарцаў».

Ганна Канапацкая застанецца партыйнай дэпутаткай

У сваю чаргу прадпрымальніца Ганна Канапацкая, якая вылучалася на выбарах ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП), заявіла сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску, што бачыць Алену Анісім адным са сваіх саюзнікаў у парламенце. Разам з Анісім Канапацкая збіраецца «падтрымліваць беларускую мову і культуру».

Яна таксама спадзяецца, што «дэпутаты, якія называюць сябе гаспадарнікамі, таксама падтрымаюць пачынанні» АГП.

Канапацкая падкрэсліла, што мае намер заставацца ў Палаце прадстаўнікоў партыйным кандыдатам. «Я ішла на выбары з партыйнай камандай. Гэта моцная каманда, якая пазіцыянуе сябе як апазіцыйная. Яна прапануе праграму структурных рэформаў, якую я буду адстойваць у парламенце. Я рада, што за мной застаецца каманда прафесіяналаў», – заявіла дэпутатка.

Паводле слоў Канапацкай, у Беларусі няма адкрытых і сумленных выбараў. Пры гэтым яна лічыць: калі б такія выбары былі, каманда АГП «усё роўна была б на іх пераможцам». «Мы зрабілі б усё магчымае, каб працаваць у парламенце», – сказала дэпутат.

Намаганні дзеля справядлівых выбараў

Ганна Канапацкая збіраецца прыкладаць усе намаганні для таго, каб праз чатыры гады ў Беларусі прайшлі справядлівыя выбары, па выніках якіх у парламент прайшло б як мага больш апазіцыянераў.

У сферы эканомікі Канапацкая збіраецца спрыяць заканадаўчай рэалізацыі палажэнняў праграмы АГП «Мільён новых працоўных месцаў», прымаць законапраекты, каб «зрабіць рынак адкрытым і сумленным».

Новаабраная дэпутатка паабяцала, што, калі даведаецца пра парушэнні пры падліку галасоў у сваёй акрузе, будзе дамагацца іх расследавання.

Канапацкая і Караткевіч будуць супрацоўнічаць, але маюць розныя погляды

Ганна Канапацкая таксама заявіла, што не будзе адмаўляцца ад дапамогі сустаршыні кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, з якой балатавалася ў парламент па адной акрузе.

У той жа час Канапацкая падкрэсліла, што ў яе і Караткевіч розныя погляды на палітычную сітуацыю ў краіне. «Таму цеснай супрацы можа не атрымацца. У АГП прынцыповыя пазіцыі па палітычных пытаннях, і ні пад якімі ўмовамі мы не згодныя іх мяняць», – адзначыла дэпутатка.

Падчас прэс-канферэнцыі высветлілася, што на ўдзеле Канапацкай у выбарах настойваў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. «Я вёў размову, каб Ганна ўдзельнічала ў выбарах. Стымулаў для ўдзелу было мала. У выніку, рашэнне прымалася ў апошні момант, калі практычна ўсе акругі былі падзеленыя, заставалася толькі адна. Яна сказала, што, калі гэта трэба партыі, яна гатовая вылучацца па любой акрузе», – расказаў Лябедзька.

Паводле яго слоў, Канапацкая адна зможа зрабіць у парламенце больш, чым усе дэпутаты дзейнага склікання разам узятыя, якія самастойна распрацавалі толькі тры законапраекты.

39-гадовая Ганна Канапацкая балатавалася па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 Менску і перамагла, набраўшы 23,7 % галасоў выбарцаў.

53-гадовая Алена Анісім вылучалася па 70-й Стаўбцоўскай акрузе і набрала 40,5 % галасоў.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары