Англійскі гурт «Morcheeba» загаварыў на беларускай мове


Прадстаўнікі гурта «Morcheeba» захацелі, каб перад іх выступам 15 снежня ў менскім «Prime Hall» заспявала беларуская група «Shuma». Вакалістка «Morcheeba» Скай Эдвардс павітала сваіх прыхільнікаў у нашай краіне на беларускай мове.

Гурт «Shuma» быў адабраны з 50 беларускіх кандыдатаў, якія даслалі прапановы выступіць у Менску перад англійскімі артыстамі. Заснаваны ў 2011 годзе праект «Shuma» спалучае актуальную электроніку з народнымі спевамі. На рахунку калектыву выступы на фэстах «Jazz-Кактэбель» (Украіна), «Up To Date» (Польшча), а таксама беларускіх імпрэзах «Вольнае паветра», «Можна», «Электронныя забавы», «Камяніца».

«Для нас гэта нечакана і прыемна. Яшчэ адно пацверджанне, што пра слушным падыходзе беларускія народныя песні цалкам актуальныя для сучаснай публікі, прычым не толькі лакальнай», – патлумачыла Руся, вакалістка «Shuma», выступ якога пачнецца роўна а 19.00.

«Беларускую тэму» у межах канцэрту падтрымала і вакалістка «Morcheeba» Скай Эдвардс, якая зрабіла адмысловы відэазварот, пачаўшы сваю прамову з прывітання па-беларуску.

15 снежня будзе першы выступ брытанскага калектыву ў Беларусі. Гурт «Morcheeba» вядомы па хітах «The Sea», «Rome Wasnt Built in A Day», «World Looking In», «Otherwise». У Менску ён выступіць з праграмай лепшых песень і ў залатым складзе.

гурт «MORCHEEBA» (Вялікая Брытанія)

з праграмай «Greatest Hits Plugged & Unplugged»

15 снежня – Prime Hall – 19.00.

Квіткі: танцпол – Br 450 тыс., столікі – ад Br 500 тыс. да Br 1 млн.

Продаж у касах Kvitki.by, Ticketpro, «Менскканцэрт».

Даведка/дастаўка: (044) 48 20 160, (025) 700 59 45.

Арганізатар: ТАА «Концертхоллгрупп».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў