Анджэй Дуда – новы прэзідэнт Польшчы паводле папярэдніх вынікаў


Анджэй Дуда набраў 52% галасоў, дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі 48% паводле ўступных падлікаў. Афіцыйныя вынікі другога тура выбараў будуць вядомыя заўтра, 24 траўня. Анджэй Дуда пачне працу на пасадзе прэзідэнта Польшчы ў жніўні. Прынялі ўдзел у выбарах 56% палякаў.

Анджэй Дуда з кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць»  пазіцыянуе сябе як прадаўжальніка палітычнай думкі загінулага ў авіякатастрофе пад Смаленскам прэзідэнта Леха Качыньскага. Менавіта Качыньскі спрабаваў ужыць у сваёй вонкавай палітыцы «Ягелонскую канцэпцыю» («Ягелонская канцэпцыя» разумеецца як супраца краін Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку былых народаў даўняй Рэчы Паспалітай – рэд.). Аднак самае вядомае выказванне Дуды пра Беларусь датычыла крыху іншага аспекту. Кандыдат гэтым самым паказаў, што разумее, якія стандарты дэмакратыі існуюць у суседняй краіне:

«Няма больш важнага працэсу пры дэмакратыі, чым выбары. Калі існуе сітуацыя, што ўлады фармуюцца не праз сумленныя выбары, то гэтае кіраўніцтва – не легітымнае. Гэта беларускія стандарты», – сказаў Анджэй Дуда летась у канцы лістапада, каментуючы парушэнні падчас мясцовых выбараў у Польшчы.

Гэта была адна з найбольш інтрыгуючых прэзідэнцкіх кампаній у Польшчы. Паводле перадвыбарчых рэйтынгаў галоўныя кандыдаты ішлі адсотак у адсотак.

Глядзі таксама
Каментары