Андрэя Стрыжака пасадзілі на 10 содняў


Каб «сесці на суткі», ён мусіў сам ехаць у суд і патрабаваць азнаёміць яго з матэрыяламі ўласнай справы.

Сёння першы дзень яго арышту, напісала ў Facebook жонка актывіста Яўгенія Стрыжак.

Паводле яе, ён трэці дзень трымае галадоўку на знак парушэння яго правоў.

«У нашым гомельскім ІЧУ яму, спадзяюся, будуць рады: бо Стрыжак задаўся мэтай зладзіць »маніторынг умоваў утрымання«, а ўмовы там сапраўды нечалавечыя, людзі не павінны знаходзіцца ў такіх камерах. Сутнасць пакарання – абмежаванне волі, але не катаванні і бесчалавечнае абыходжанне», – напісала яна.

Андрэя Стрыжака 17 сакавіка суд завочна арыштаваў на 10 содняў за «несанкцыянаваны мітынг» (стыхійны сход на ганку суду Цэнтральнага раёну ў Гомлі: 21 лютага зала паседжанняў не змясціла ўсіх тых, хто прыйшоў на суд «дармаеда» Аляксандра Сямёнава супраць падатковай). Андрэй Стрыжак накіроўваў ліст пра тое, што знаходзіцца за мяжой, аднак суд не палічыў гэтую прычыну істотнай для пераносу паседжання. Касацыйная скарга таксама не прывяла да перагляду пастановы суду.

15 красавіка Андрэй Стрыжак вярнуўся ў Беларусь (яго рэчы вельмі доўга даглядалі ў Маладзечне). Даехаўшы да дому, ён звярнуўся і ў Цэнтральны РАУС Гомлю і ў раённы аддзел міліцыі, але там не знайшлі адпаведных дакументаў.

Толькі калі 17 красавіка актывіст запатрабаваў у судзе Цэнтральнага раёну матэрыялы справы, высветлілася, што пастанова знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС. Прыйшоўшы туды па сваёй волі, Стрыжак пайшоў адбываць адміністрацыйны арышт у 10 содняў.

«Калі я цяпер не адседжу гэтыя дзесяць содняў, то яны будуць вісець нада мной дамоклавым мечам. Мяне змогуць арыштаваць у любы момант: напрыклад, пры выездзе за мяжу. Гэта не «яўка з павіннай»: я працягваю лічыць арышт парушэннем маіх правоў: на свабоду сходаў, свабоду слова, на справядлівы суд – і буду абскарджваць пастанову суду ў міжнародных органах», – сказаў ён.

ДР belsat.eu паводле praca-by.info

Стужка навінаў