Андрэй Ягораў: апазіцыя мусіць дамагацца прынамсі мінімальных пераменаў


Апазіцыя заяўляе пра падрыхтоўку да новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Беларусі Андрэй Ягораў у інтэрвʼю belsat.eu разважае пра тое, ці будуць удзельнікі Кангрэсу «сядзець з дулямі пад сталом» і ці наагул існуе палітычная сіла пад назваю «беларуская апазіцыя»?

«Ні ў адным важным пытанні беларуская апазіцыя не можа дасягнуць канкрэтных зменаў»

– Ці ёсць сёння такія шляхі, абраўшы якія, беларуская апазіцыя прыйдзе калі не да рэвалюцыі, то да сурʼёзных пераменаў?

– Галоўным пытаннем для беларускай апазіцыі застаецца сама беларуская апазіцыя: адносіны паміж унутранымі структурамі, арганізацыя дзейнасці, пытанні лідарства. Самі па сабе ўсе гэтыя палітычныя сілы, што бы яны ні рабілі, яны практычна не здольныя сурʼёзна паўплываць на грамадскія працэсы, калі гэтыя сілы самі не зменяцца. Усе разумеюць, што ні ў якім важным грамадска-палітычным пытанні беларуская апазіцыя не ў стане дасягнуць канкрэтных зменаў. Таму сёння апазіцыя мусіць арыентавацца на рашэнне канкрэтных пытанняў – яны павінны дамагацца мінімальных, але зменаў, хай і па вузкіх, лакальных пытаннях. І праз гэтыя дзеянні цягам пэўнага часу можна будзе набраць сацыяльны капітал для больш сурʼёзных рухаў.

– Ці маюць рацыю тыя, хто абвінавачвае Лябедзька ў тым, што ягоныя мітынгі «Я – ІП» – бессэнсоўныя?

– Уласна пратэсты з боку ІП мала асэнсаваныя, дык на іх яшчэ прыходзяць людзі, якія не маюць ніякага сацыяльнага капіталу і папулярнасці ды спрабуюць іх узначаліць. Варʼяцкія дзеянні.

– Ці выглядаюць цяпер больш разумнымі тыя, хто не выказваецца адносна ІП?

– Яны выглядаюць больш здарова на гэтым фоне. Хаця іхная бяздзейнасць таксама не вядзе да нейкай пазітыўнай дынамікі ні ў сферы іхнай папулярнасці, ні ў сферы палітычнага ўплыву.

– Даходы людзей падаюць, выдаткі – растуць, апазіцыя таксама нічога цікавага не прапануе: у кім сёння беларусы расчароўваюцца хутчэй – ва ўладзе ці ў апазіцыі?

– Людзі даўно расчараваліся ў апазіцыі. І гэта відаць па рэйтынгах галоўных палітычных фігур. На хвалі выбараў Караткевіч цягам нейкага часу набыла крыху больш папулярнасці, чым іншыя, але гэты рэйтынг хутка ўпадзе. Насельніцтва наагул не разглядае апазіцыю як палітычны субʼект. Яно, натуральна, расчароўваецца ва ўладзе, але ў той жа час, спадзяецца на гэтую ўладу ў вырашэнні праблемаў.

– Ці можна наагул змадэляваць такую сітуацыю, якая дасць штуршок масавай свядомасці, выведзе людзей на вуліцу?

– Як паказваюць нашыя даследаванні, патэнцыял салідарнасці ў беларускім грамадстве вельмі нізкі. Наўрад ці мы можам спадзявацца на пэўную падзею ці дзеянне, якое мабілізавала бы масы да пратэсту.

Нават калі адбываецца эканамічны крызіс, альбо вайна, якія змушаюць да масавых дзеянняў, заўсёды ёсць патрэба палітычнага кіраўніцтва ў такіх абставінах. Мусяць прысутнічаць стратэгіі, людзі, што кіруюць гэтай стыхійнай актыўнасцю, інакш яна імгненна згасне. Гэтак адбылося ў 2011 годзе, калі грамадскае напружанне ні ўва што не пераўтварылі.

«Кангрэс дэмсілаў – спроба ўвайсці незразумела ў якую раку»

– Ці кангрэс дэмакратычных сілаў – жыццяздольны праект?

– Гэта было наіўным і слаба асэнсаваным, яшчэ калі Мілінкевіча выбіралі, а цяпер гэта ўжо наіўнасць я нават не ведаю якога парадку – спроба ўвайсці незразумела ў якую раку.

– Ці не атрымаецца так, што, седзячы за гэтым «круглым сталом», кожны будзе «трымаць дулю» пад стальніцаю?

– Верагоднасць на 100%, што так яно і будзе. А што іх змушае паводзіць сябе інакш? Хіба што магчымасць сябраваць супраць Дзмітрыева і Караткевіч выклікае часовыя альянсы, але яны настолькі ж няўстойлівыя, як і іхная часовая нянавісць да «Гавары праўду!». З іншага боку, ды і сама «Гавары праўду!» ніколі не паводзіла сябе інакш.

– Цягам 20 гадоў мы назіраем дзясяткі абʼяднанняў, кааліцыяў, безліч партыяў, кампаніяў, а ў выніку – нуль. Чаго тут больш – бяздарнасці апазіцыі, або супрацьдзеяння ўлады?

– Цяжка параўноўваць усе долі, але тут прысутныя не толькі яны: ёсць і ЕС, і ЗША, і Расея. Ёсць людзі, якія крытыкуюць за няўдачы ў першую чаргу сябе, а існуюць тыя, хто вінаваціць вонкавыя абставіны – рэжым, кепскі Захад, жудасную Расею. Я схіляюся да таго, каб абвінавачваць нас – грамадзянскую супольнасць, палітычную апазіцыю, дэмакратычную супольнасць. Мы ўсе нічога не зрабілі цягам гэтых 20 гадоў. Апазіцыя вінаватая, але не ў вузкім сэнсе палітычных лідараў, а больш шырока – дэмакратычна арыентаванае грамадства, людзі, што імкнуцца да гэтых пераменаў.

– Некаторых людзей усё больш адольвае перакананне: па-сапраўднаму за тыя «высокія» каштоўнасці (свабода народа, дэмакратыя, свабода слова), якія дэкларуе апазіцыя, ніхто па-сапраўднаму не змагаецца – усе маюць свае інтарэсы. Што вы пра гэта думаеце?

– Беларускія палітыкі абвяшчаюць пэўныя вартасныя ўстаноўкі, але не пераўтвараюць іх у канкрэтныя крокі і дзеянні па рэальных зменах. Канкрэтны інтарэс у палітыцы – зменшыць разрыў паміж тым, што дэкларуюць, і тым, што робяць. У гэтым сэнсе партыя Зянона Пазняка – класічны выпадак. Ён хіба лепш за ўсіх схоплівае сітуацыю, а далей прапануе абсалютна варʼяцкія дзеянні.

Апазіцыйныя лідары, сапраўды, дэкларуюць адно, а робяць зусім іншае. Але гэта не таму, што яны не імкнуцца – увогуле, шмат хто з іх каштоўнасна арыентаваныя, годныя, сумленныя людзі. Але гэтага недастаткова.

Ці існуе такая сіла – беларуская апазіцыя?

– Калі няма ніякага плёну, можа, лепей зусім нічога не рабіць – як-небудзь само, з часам?

– Гэта вельмі добрая выснова. Мы даўно гаворым пра тое, што партыі лепш распусціць, а рухі – закрыць, таму што ў гэтай сітуацыі яны практычна не выконваюць ніякіх сваіх палітычных функцыяў. І гэта будзе добрым палітычным ходам.

– Незалежныя СМІ, апазіцыя – ці ўплывае ўсё гэта хоць нейкім чынам на перабудову мазгоў ці ўсё бессэнсоўна?

– Уплыў, вядома, мінімальны. Але, мне падаецца, што гэты ўплыў зʼяўляецца мінімальным праз тое, што СМІ не імкнуцца да ініцыявання гэтых зменаў. Выбіраючы логіку працы па прынцыпах класічных СМІ і адлюстравання таго, што цікава чытачам, медыі працуюць на стабілізацыю сітуацыі.

Яўген Балінскі, belsat.eu, фота са старонкі Андрэя Ягорава ў Facebook

Стужка навінаў