Андрэй Шорац схлусіў наконт аўтара калючага дроту на графіці «Менск-Масква»?


21 снежня старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што мастака, які дамаляваў калючы дрот, знайшлі, і з яго збіраюцца спагнаць выдаткі на аднаўленне першапачатковага малюнку

Вядомы беларускі блогер і фатограф мяркуе інакш. У сваім Facebook ён апублікаваў зварот невядомага мастака, які выправіў варыянт выявы распрацаваны аддзелам ідэалогіі Менгарвыканкаму.

«Я хачу падзякаваць усім, хто ацаніў маю акцыю. Гэтай працай я не хацеў казаць пра палітыку ці адносіны Беларусі і Расеі. Гэтыя трактоўкі я б пакінуў гледачу: хай кожны сам вырашае, што значыць калючы дрот, каму ён коліць рукі, каму – галаву, а каму – чэрап знутры.

Сваёй акцыяй я хацеў сказаць, што калі хтосьці збіраецца ператварыць вулічнае мастацтва ў інструмент прапаганды і камерцыйнай нажывы, ён мусіць быць гатовы да таго, што так проста яму гэта з рук не сыдзе, лёгка не будзе.

Калі нехта лічыць, што можа напляваць на меркаванне людзей, гараджанаў, хай будзе гатовы атрымаць адпор, адказ ад тых, каму не ўсё адно. Ці буду гэта я, ці нехта іншы – не важна. У дадзеным выпадку я кажу ад імя ўсіх тых, каго ванітуе ад ілжывай прапаганды і навязвання свайго густу і свайго меркавання тымі, хто вышэй.

Гарадская прастора не належыць чыноўнікам, якіх мы не абіраем. Не, паважаныя, мы вам не верым!

Дзякуй!»

Напрыканцы кастрычніка невядомы дамаляваў на графіці калючы дрот. У букеце, які трымае хлопчык, і ў вянку на галаве дзяўчынкі, зʼявіліся дасканала намаляваныя шыпы – упісаныя так далікатна, што не адразу зразумела, што карцінка змянілася. Менскія ўлады выставілі ўльтыматум графіцісту-партызану выправіць малюнак. Ніхто на іх пагрозы не адгукнуўся, таму напрыканцы лістапада рабочыя самі аднавілі «арт-абʼект».

Глядзі таксама
Каментары