Андрэй Рабешка, які парэзаў міліцыянтаў у масках, атрымаў 18 гадоў турмы


Гомельскі абласны суд прызнаў мазырчука Андрэя Рабешку вінаватым у замаху на забойства ды крадзяжу зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску. За гэта мужчыне прысудзілі 18 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вырак агучыў суддзя Іван Котаў.

«Мы не згодныя з прысудам і перакананыя, што гэта была неабходная самаабарона. Будзем падаваць апеляцыю. Людзі, якія прыйшлі затрымліваць Рабешку, рабілі гэта незаконна. У нас ёсць сведкі, якія пацвярджаюць, што была бойка на прыватным падворку, а людзі не прадстаўляліся, што яны супрацоўнікі міліцыі, у іх не было апазнавальных знакаў», – кажа адвакатка Рабешкі Кацярына Змушка.

Пацярпелых трое – два супрацоўніка АМАПу Юрчанка і Мадынкоў ды Чаплыгін – супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК).

Адзін з іх прызнаўся на судзе, што бронекамізэлькі не апраналі адмыслова, каб Рабешка не здагадаўся, што яны з міліцыі.

Экспертыза паказала, што Рабешка меў сур’ёзныя пашкоджанні праз збіццё, кажа адвакатка.

«Першапачаткова, калі Андрэя затрымалі, яму пагражалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, што ён атрымае 20 гадоў, і што не суд, а яны вырашаюць, колькі ён атрымае».

Дагэтуль няма доказаў і словам міліцыянтаў, што 30-гадовы мужчына ўвогуле быў у вышуку і што толькі гэтак брутальна яго можна было затрымаць.

«У яго была пагашаная судзімасць. Ён добраахвотна здаўся і не хаваўся ад следства», – кажа адвакатка.

Таксама Кацярына Змушка адзначае, што яму нельга інкрымінаваць крадзеж, які са словаў міліцыянтаў і стаў падставаў уварвання на ягоны падворак.

«Сведка пацвердзіла, што маёмасць знаходзілася ў ейным доме. Але сама не ведала, каму належаць рэчы, яны былі ёй непатрэбныя, і яна іх добраахвотна аддала».

Рабешка цалкам зняпраўдзіў усе абвінавачванні і сцвярджае, што гэта была самаабарона. Падчас апошняга слова ён надзеў на галаву чорную маску з прарэхамі для вачэй, каб паказаць як выглядалі людзі, якія напалі на яго ўначы.

Трое невядомых уварваліся ў двор прыватнага дому 30 красавіка летась. Абуджаны а 4-й уначы настойлівым груканнем, Андрэй выйшаў з дому, дзе паміж ім і людзьмі ў масках завязалася бойка. Мужчына ўжыў нож супраць нападнікаў. Нішто не ўказвала на тое, што неапазнаныя людзі – гэта праваахоўнікі.

У іх не было шчытоў і бронекамізэлек, якія маглі абараніць жыццёва важныя органы. Паводле былога следчага Алега Волчака, гэта ўказвае на не падрыхтоўку і няякасную працу байцоў АМАПу. Толькі праз 2 дні Гомельскі УУС паведаміў, што гэта быў не напад, а запланаваны захоп «небяспечнага рэцыдывіста».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў