Андрэй Піянткоўскі: «Русский мир» – няўдалая канцэпцыя, і яе пашырэння не адбудзецца


Сумнавядомы «русский мир», а разам з ім – «гібрыдная вайна» ды лёс постсавецкіх краінаў – гэтыя тэмы сталі асноўнымі ў адкрытай лекцыі расейскага палітолага Андрэя Піянткоўскага, які не на доўга завітаў у Беларусь, каб у чарговы раз пацвердзіць: Расея – гэта не толькі Пуцінскі рэжым. Тэму працягне Юлія Лабанава.

Новую, раней невядомую канцэпцыю «Русский мир» агучыў Уладзімір Пуцін у дзень далучэння ўкраінскага Крыму да Расеі. Прыкрываючыся абаронаю рускіх, Крэмль парушыў шматлікія дамовы, у ліку якіх – і Будапешцкі мемарандум, згодна якому Расея, ЗША і Вялікая Брытанія – гарантавалі незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў абмен на вывядзенне Кіевам ядравай зброі.

Андрэй Піянткоўскі, палітолаг:

«Гэта вельмі небяспечная канцэпцыя, тым больш, калі яна такім чынам ператвараецца сёння ва Украіне. Яна выклікае непакой у тым ліку ў Беларусі, і кіраўніцтва Беларусі, наколькі мне вядома з афіцыйных заяў, не хавае свайго скептычнага стаўлення такога разумення «русского мира».

На думку палітолага пашырэнне «русского мира» не адбудзецца. Гэта спроба стварэння Крамлём ідэалагічнага міфа, што апраўдаў бы шматгадовы аўтарытарны рэжым. Саму канцэпцыю, як і разгортванне ваенных дзеянняў на Данбасе, не падтрымлівае большасць расейцаў.

Андрэй Піянткоўскі, палітолаг:

«Калі вы прааналізуеце расейскую прапаганду за апошні месяц, то з яе знікла і слова Наваросія, і зніклі словы «русский мир». Гэта само па сабе кажа пра лёс гэтай вельмі няўдалай канцэпцыі».

Што да пытанняў уплыву «русского мира» на Беларусь, то Андрэй Піянткоўскі не бачыць такой пагрозы.

Больш за тое, ён адзначыў, што ўсведамленне беларусаў як нацыі па-за савецкім часам стала мацнейшым. Меркаванне жа грамадзянаў нашай краіны падзялілася.

Жыхары менску:

«У нас тут свой Данбас ёсць і ў гомельскай вобласці і ў магілёўскай. Вы праедзьце ў аўтобусе і ў любога спытайце, яны вам скажуць, што Беларусь – гэта Расея».

«Базы, якія як раз перад гэтымі выбарамі ўсплылі, пасля пяці гадоў адсутнасці, і стужачкі, якія ў нас прыязджаюць… нахабства людзей з расейскімі нумарамі – гэта непрыемна. Мы жывем у незалежнай краіне і хочам, каб яна такой заставалася».

«Расеі выгадна, каб Беларусь захоўвалася ў якасці саюзніка, перш за ўсё таму, што ўсе выдатна разумеюць, што афіцыйна незалежнасці пазбавіцца практычна немагчыма. Гэта ніхто не прызнае».

Сярод самых распаўсюджаных абяцанняў усіх кандыдатаў сёлетняй выбарчай кампаніі – дбаць пра незалежнасць Беларусі. Аднак сапраўдным гарантам захавання суверэнітэту мусіць быць сам народ.

Сёння шмат для якіх народаў «русский мир» стаўся турмою, некаторым – пагражае стацца. Крэмль працягвае драпежна паглядаць на суседнія народы і гэтак жа драпежна дзеяць, апраўдваючы свае крокі абаронаю нават не расейскіх грамадзянаў, а тых, хто карыстаецца расейскаю моваю.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Стужка навінаў