Андрэй Паротнікаў пра сітуацыю з Шаройкі: Гэта мінус і Лукашэнкі і Парашэнкі

Wideo

Палітолаг і кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog лічыць, што сіутацыя вакол Шаройкі і абвяшчэннем украінскага дыплямата Ігара Скварцова персонай нон-грата ў межах справы пра шпіянаж украінскага журналіста – мінус і Лукашэнкі, і Парашэнкі, бо яны не змаглі забяспечыць вырашэнне пытання паціху. Паротнікаў мяркуе, што хутчэй усяго так і планавалася.

«То бок нашыя б змаглі, але вось украінскі бок не стрымаўся. Думаю, зараз панясецца: не здарма КДБ так аператыўна пачаў даваць інфармацыю. Значыць у Менску прыпякае. Дрэнна гэта, вядома, усё. Ды і сам па сабе шпіянаж – паўсядзённая дзейнасць любой дзяржавы нават у дачыненні да саюзнікаў. Так што шпіёніць адно за адным – не сорамна. А вось трапляцца і апынуцца няздольнымі вырашыць пытанне без шуму і пылу – гэта праблема».

Паротнікаў таксама адзначыў, што мае цяпер тры пытанні.

«1. Каго вышлюць украінцы ў адказ на высылку Скварцова; 2. Ці памяняюць Шаройка на нашага шпіёна ва Украіне, якога прыхапіла СБУ летам і дарэчы ў Чарнігаўскай вобласці; 3. Перадаваць сакрэтную ваенна-палітычную інфармацыю за грошы мог толькі прадстаўнік адной з двух структураў – Савету бяспекі або цэнтральнага апарата Мінабароны. Проста ў іншых месцах што такое «сакрэтная ваенна-палітычная інфармацыя» ніхто ведаць не ведае».

Паўла Шаройку затрымалі 25 кастрычніка. Журналіст каля двух тыдняў не выходзіў на сувязь, спробы рэдакцыі датэлефанавацца да яго і ягоных сваякоў не далі выніку. 20 лістапада КДБ правёў экстраны брыфінг датычна сітуацыі з затрыманым карэспандэнтам «Украінскага Радыё». Журналісту інкрымінуюць «шпіянаж».

Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітры Тымчук заявіў, што журналіста Паўла Шаройку затрымалі на падставе падробленага дакумента. У Мінабароны Украіны абверглі прыналежнасць Паўла Шаройкі да органаў выведкі.

Днямі стала вядома, што ў Менску затрымалі яшчэ аднаго ўкраінца.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары