Андрэй Макарэвіч запісаў песню па-беларуску і распавёў пра свае беларускія карані


Лідар расейскага гурта «Машина времени» запісаў сваю першую песню на беларускай мове.

Андрэй Макарэвіч адмыслова прыязджаў у беларускую сталіцу для таго, каб скончыць працу над сваёй першай беларускамоўнай кампазіцыяй для праекту «Global Reload» парталу Tuzin.fm і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Партал Tuzin.fm распытаў вядомага расейскага музыку пра ягоны досвед спеву па-беларуску і беларускія карані.

– Вашы першыя ўражанні ад творчага эксперыменту?

– Жах як цікава! Зусім нячаста такім займаюся, бо не лічу сябе выканаўцам-паліглотам. Спяваю па-расейску. Па-англійску спяваў у школе і да 10 класа практычна скончыў. Па-беларуску надта цікава паспрабаваць, бо гены ўсё ж такі маю. Я вельмі добра памятаю моцны беларускі акцэнт маёй бабулі. Яна была з Пагодзіна, з сяла, якое тады Блудзінам звалася, а побач вёска Маліч, гэта Заходняя Беларусь. І вось бабуля казала: «шчы», «шчука», згадваю як цяпер. (Маецца на ўвазе вёска Паўловічы, што ў Бярозаўскім раёне на Берасцейшчыне, да 1964 году вёска звалася Блудзень. Чыгуначная станцыя побач мела назву «Пагодзіна», цяпер яна завецца «Бяроза-Картузская» – заўвага tuzin.fm).

– Можаце патлумачыць – навошта вам уся гэтая беларуская гісторыя, навошта спяваць па-беларуску?

– Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на гэтым свеце. Агулам я лічу, што гэта слушна. Калі ў чалавеку ёсць частка вось гэтага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца. Я вельмі люблю Беларусь, у мяне тут шмат сяброў. Намагаюся тут бываць часцей. Тут фантастычная прырода – напэўна самая прыгожая, якую толькі можна сабе ўявіць у сярэдняй паласе. І ў вас атрымліваецца яе захоўваць у ідэальным стане, у адрозненні ад расейцаў. Таму ваша краіна – аазіс у маім уяўленні.

– Ці адкрылася вам Ваша Беларусь адразу? Ці ведалі вы пра яе нешта 45-50 год таму?

– 50 год таму мне было 11 год і бацька мне распавядаў пра цудоўны хутар Маліч, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. Дзе жылі толькі Макарэвічы і Антончыкі. Я ведаў даўно адкуль паходзіць мой тата, мой дзед, якога пры жыцці я ўжо не заспеў, мая бабуля па бацькавай лініі. І ўсё абяцаў мяне туды звазіць. І так і не з’ездзіў, і мяне не звазіў, не выпала. Так далёка на Захад я не выязджаў, у Менску толькі часта бываў, а далей туды ў кірунку Берасця ня ездзіў. Трапіў туды ў 2011 годзе, дзякуючы расейскаму «Первому каналу», які здымаў праграму «Древо жизни», што нядоўга праіснавала. Яе ідэя была ў тым, што героі перадачы едуць шукаць свае карані.

– Ведаю, што вы дасканала вывучылі свой радавод і сабралі ўсе магчымыя сведчанні. Ці засталіся нязведаныя факты?

Я дагэтуль не магу знайсці фотаздымкі свайго прадзеда Антонія Усакоўскага, які ў тых краях быў вядомым чалавекам, святаром. Ён пабудаваў царкву, якая дагэтуль стаіць. Ён пабудаваў царкоўную школу, у якой якраз і пазнаёміліся мой дзядуля і мая бабуля. Мне вядома, што прадзед перажыў рэвалюцыю, быў пасыльным практычна ў патрыярха нават пэўны час. У 1919-1920 гадах яго сляды канчаткова губляюцца. Думаю, што яго расстралялі. Але пакуль дазнацца, дзе і пры якіх абставінах, і наагул пабачыць, як ён выглядаў, патрымаць у руках яго фотаздымак, у мяне пакуль не выйшла. Тут у пошуках дапамагалі вельмі сурёзныя гісторыкі, але пакуль марна. Хачу дайсці да Лубянкі, магчыма, там нешта знойдзецца.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

– У той самай праграме «Древо жизни» чатырохгадовай даўніны вы кажаце цікавую фразу пра тое, што розніцы між беларусамі і расейцамі, па сутнасці, няма. Ці змянілася ваша меркаванне на гэты конт сёння?

– Розніца ёсць, канешне. Нават хаця б у стаўленні да прыроды. У вас гэтае стаўленне – еўрапейскае. У нас жа папсаванае стаўленне да прыроды качэўнікамі. Качэўнікі прызвычаіліся гадзіць, бо яны не сядзяць на месцах – яны заўтра едуць далей. Дык чаго выяўляць клопат пра чысціню. Падазраю, што ў расейцаў гэта засталося з часоў татарскага ярма. У вас таксама гісторыя няпростая, тут то Польшча была, то Беларусь, але ўсё ж гэта Еўропа.

– Вы чулі беларускую мову, чыталі на ёй, а цяпер паспрабавалі заспяваць па-беларуску. Ці падобна яна да расейскай, як вам здалося?

– Ніколі не забуду выпадак у менскім таксі. Мы абмяркоўвалі з таксістам беларускую мову, шыльды, напісаныя па-беларуску і той кажа: ха, беларуская – гэта тая ж расейская, толькі з памылкамі (смяецца). Гэта смешна, тым не менш беларуская – гэта мова са сваймі правіламі, з сваёй мелодыкай, з сваім даволі складаным вымаўленнем. І ўсё гэта мяне цікавіць.

– Дык падобныя нашы мовы ўсё ж ці не?

– Яны падобныя. Гэтак жа як ангелец зразумее аўстралійца і нават шатландца. Але безумоўная розніца ёсць у музыцы мовы. І не дзіва, што сярод першых савецкіх вакальна-інструментальных камандаў найлепшыя былі на мой погляд не «Веселые ребята», а «Песняры». Шмат у чым дзякуючы сваёй іншай музыцы мовы.

– У такім разе карціць спытаць – ці можа быць працяг вашага беларускамоўнага творчага эксперымента?

– Давайце пажывем, я адкрыты да ўсялякіх добрых задумаў і гатовы прымаць усялякія добрыя прапановы. Але давайце паглядзім, што выйдзе з першага вопыту. Мне даволі цяжка меркаваць збоку як атрымалася мая першая беларуская песня. Пра гэта могуць разважаць толькі тыя людзі, якія тут нарадзіліся і размаўляюць на гэтай мове з дзяцінства.

– Ёсць праблема, дарэчы, з гэтым. У 1980 годзе, скажам, у нас на цэлы Менск толькі адзін чалавек вучыўся ў школе па-беларуску. Так што з дзяцінства далёка не ва ўсіх выходзіць гаварыць па-беларуску.

– Вось дзіўна. Украіна была таксама савецкая, але там не да такой ступені дайшло. Тым не менш «Песняры» спявалі па-беларуску. Гонар і слава Мулявіну за гэта. Давайце адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі. Ці хаця б захоўваць яе.

– Раскажыце пра вашу першую беларускамоўную песню.

– Гэта песня «Снег», перакладзеная на беларускую мову Юрыем Несцярэнкам. Цяпер яна запісаная разам з музыкантамі з гурта «Apple Tea». У арыгінале яна была напісаная недзе ў 1977 годзе. Асабліва гісторыі пра яе стварэнне няма. Сеў за піяніна – і напісаў. Лічу, што ў песень наагул не можа быць гісторыі. Калі аўтар пачынае расказвае гісторыі, як з’явіліся яго песні – ён хутчэй за ўсё хлусіць. Упершыню мы яе запісалі ў 1978 годзе, не ведаю ці захаваўся гэты запіс, а потым у 1980 ці 1981 годзе ўжо з Пецем Падгарадзецкім. Не памятаю, ці яшчэ калі мы яе ў студыі запісвалі – клянуся, не згадаю. Затое было некалькі выдатных канцэртных версій.

– Чаму менавіта «Снег» выбралі для запісу на беларускай мове? Выпадковасць?

– Не, зусім не выпадковасць. У адным з нумароў часопісу «Дзеяслоў» было нямала вершаў і песень маіх, перакладзеных на беларускую. І мне здалося, што менавіта ў гэтай песні найбольш блізка гучаць нашыя мовы, проста па набору слоў гэта было заўважна. І мне прасцей было з ёй працаваць.

Паводле Сяргея Будкіна, tuzin.fm

Стужка навінаў