Прэм’ер-міністр Беларусі распавёў у інтэрв’ю агенцтву «РИА Новости» пра прычыны спынення інтэграцыі МАЗу і расейскага КАМАЗу.
«Беручы пад увагу складаныя эканамічныя ўмовы, сфармаваныя на сёння на аўтамабільных рынках чальцоў Еўразійскага эканамічнага саюзу, у верасні 2015 года падчас паседжання Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы прынялі рашэнне аб часовым прыпыненні працаў у гэтым кірунку», – заявіў Кабякоў.
Паводле беларускага прэм’ера, у расейскага боку – свае ўяўленні пра інтэграцыю, асноўны ўхіл робіцца на ўладанне тою ці іншаю маёмасцю з далейшаю перспектываю распараджэння. Беларускі бок, наадварот, цікавіць «эфектыўнасць выкарыстання» гэтай маёмасці.
У якасці прыкладу Кабякоў прывёў Менскі завод колавых цягачоў.
«Вельмі перспектыўнае прадпрыемства. Абмяркоўвалі магчымасць продажу кантрольнага пакету пры ўмове, што партнёры ўкладуць гарантаваныя інвестыцыі ў далейшае развіццё гэтага прадпрыемства. Калі спатрэбіцца, то і такія, што ўтрая перавышаюць ацэначны кошт кантрольнага пакету. Спачатку было разуменне. Потым, відаць, сітуацыя крыху змянілася што да поглядаў і магчымасцяў. Нам прапанавалі проста прадаць кантрольны пакет. З аднаго боку, грошы на дарозе не валяюцца, а з іншага – хіба мы за гэта змагаліся?» – зазначыў Андрэй Кабякоў.