Андрэй Дзмітрыеў адказвае Уладзіміру Мацкевічу і распавядае, чаго хоча «Гавары праўду»


Кампанія «Гавары праўду» рэальна вырашае людскія пытанні. Прынамсі, гэтак лічыць намеснік кіраўніка «ГП» Андрэй Дзмітрыеў. У інтэрвʼю belsat.eu палітык адказвае на крытычныя заўвагі на адрас кампаніі.

«Мы гатовыя дамаўляцца з уладай там, дзе мы можам на яе ўплываць»

– Чаму незарэгістраваную арганізацыю «Гавары праўду» прымаюць дзяржаўныя чыноўнікі, а не судзяць, напрыклад?

– А каго зараз з незарэгістраваных арганізацыяў судзяць?

– Але нікога і не прымаюць…

– А нехта спрабаваў? Казаць пра тое, прымаюць ці не прымаюць можна толькі пасля таго, як ёсць спроба. І не адна, а нейкі сістэмны падыход. І ў сітуацыі, якая склалася наш падыход спрацоўвае – нам ёсць сістэмны адказ. Магчыма, сітуацыя зменіцца, і тады мы будзем мяняць свой падыход, не змяняючы пры гэтым сваіх стратэгіяў.

– Вас крытыкуюць за непразрыстасць структуры: кажуць, маўляў, незразумела, хто генеруе ідэі, як прымаюцца рашэнні…

– Вельмі дзіўная прэтэнзія. Ёсць актыў «Гавары праўду»: частка з іх – людзі публічныя, частка – не. Гэтыя людзі ўжо шэсць гадоў так ці інакш працуюць і займаюцца генерацыяй ідэй. Мы, вядома ж, кансультуемся з экспертамі, і вельмі ўважліва ставімся да любой думкі, калі мы бачым, што яно выказана з мэтай палепшыць тое, што мы робім.

«Як мінімум, «Гавары праўду» адгадвае настроі ўлады, як максімум – наўпрост з ёю супрацоўнічае», – кажа філосаф Уладзімір Мацкевіч. Што Вы думаеце наконт гэтага?

– «Гавары праўду» вельмі моцна хоча зрабіць усё, каб у краіне пачаліся змены. Калі мы будзем лічыць, што ўся ўлада – маналітная, і выступае супраць пераменаў, то тады трэба проста прызнаць, што ў Беларусі перамены ніколі не адбудуцца. Таму што ўлада валодае ўсёй поўняй рэсурсаў, манаполіяй на СМІ, абсалютная большасць грамадзянаў звязаная з дзяржаўнай працай. Калі прытрымлівацца падыходу Уладзіміра Мацкевіча, што ўся ўлада дрэнная, то мы тады проста павінны развесці рукі. У нас падыход іншы: у нас ёсць наша праграма, ёсць разуменне, як павінна развівацца краіна і якімі павінны быць гэтыя мірныя перамены. І там, дзе мы бачым, што ўлада гатовая весці дыскусіі, дзе мы бачым, што сапраўды можам уплываць ці падштурхоўваць уладу да неабходных рашэнняў, там мы гатовыя з уладай дамаўляцца.

Глядзіце таксама: Пра што «Гавары праўду» гаворыць у кабінетах улады? (Відэа)

Дыялог – не размова двух людзей, ва ўсім адзін з адным згодных. Дыялог – гэта дыскусіі з вельмі складанымі элементамі, дзе робяць усё, каб цябе не пачуць. Дзе сістэма пабудавана так, каб было максімальна складана ўвайсці ў яе з нейкімі прапановамі і ўжо тым больш, уплываць. Гэта мы і стараемся змяніць.

– Некаторыя людзі скептычна ставяцца да гэтых вашых «тэрміновых мірных пераменаў» – як Вы ставіцеся да такіх кпінаў?

– Там, дзе ёсць нейкая добрая і цікавая іронія, я і сам гатовы ўсміхнуцца. Да агульнага скепсісу стаўлюся спакойна, таму што разумею, што ён выкліканы не нашымі заявамі, не нашымі стратэгіямі. Такое стаўленне – вынік стомленасці: 20 гадоў лабавога сутыкнення прывяло да фактычнай страты любых механізмаў уплыву, такое не можа не злаваць. І ў гэтай сітуацыі, вядома, прасцей заняць пазіцыю, маўляў, я – Дʼартаньян, а ўсе астатнія… Нядобрыя людзі (смяецца).

«Зрынуць дракона»

– Калі Вы даносіце да чыноўнікаў праблемы з выплатай заробкаў асобна ўзятым рабочым – гэта не папулізм? Бо тыя, хто павінен пра гэта ведаць, ведаюць і без вас.

– Вось каб ведаць і рабіць – гэта дзве вялікія розніцы. Шмат чыноўнікаў ведалі пра праблемы з ІП, але рабіць нешта пачалі толькі тады, калі зʼявіўся грамадскі ціск. Сёння мы не лічым, што ёсць нейкія дробныя праблемы. Калі людзі да нас звяртаюцца, а мы прымушаем улады рэагаваць – для гэтых канкрэтных людзей гэта самая што ні на ёсць палітыка. У гэты момант у іх галаве палітыка зʼяўляецца як механізм вырашэння пытанняў. «Гавары праўду» вырашае канкрэтныя праблемы для канкрэтных людзей: мы працуем для іх.

– Вы лічыце, што вашыя дзеянні дапамагаюць рашэнню гэтых праблемаў?

– Вядома. Я не проста лічу, я ў гэтым упэўнены. Я бачу рэальныя дзеянні. Вядома, гэта не так, што мы сказалі – і ўсё зроблена. Мы прыходзім, размаўляем, і чыноўнікі пачынаюць думаць, як ім больш хітра адказаць і выкруціцца. Але ўсёж-такі, яны ўжо рэагуюць і разумеюць, што пакінуць гэта ў таямніцы не атрымаецца.

– Ёсць такая кніжка – «Ферма». Там жывёлы зладзілі пераварот на ферме, зрынулі людзей і самі сталі кіраваць. Скончылася ўсё тым, што жывёлы сталі людзьмі – гэта значыць, сталі тымі, каго зрынулі. Вы не баіцеся «ўцягнуцца» у гэтыя дыялогі і стаць часткай таго, з кім сустракаецеся сёння?

– Мне куды больш падабаецца гісторыя пра дракона, калі рыцар Ланцэлот перамог дракона, захапіў замак, а праз нейкі час у адлюстраванні ўбачыў дракона. Па-першае, для пачатку трэба зрынуць дракона. Пакуль што цмок на месцы. Другі момант – мы не мяняем ні сваіх каштоўнасцяў, ні сваіх праграмных установак – мы проста стараемся выкарыстаць сітуацыю, выкарыстоўваць, у тым ліку, і інтарэсы ўлады дзеля таго, каб уплываць на той выбар, які робіцца, і для таго, каб сёння ва ўладзе было больш тых, хто выступае за змены і рэформы.

Пра ўладалюбства і хлусню

– Эксперты «ЕўраБеларусі» мяркуюць, што для здабыцця палітычнай вагі трэба нешта сабою ўяўляць: мець добра напісаную кнігу, падняты завод або бізнес. У вас з Таццянай, як бачыцца, гэтага няма…

– Я б хацеў нагадаць, што за Таццяну Караткевіч на апошніх выбарах прагаласавала 22% выбаршчыкаў (вынікі апытання НІСЭПД, паводле інфармацыі ЦВК Караткевіч набрала 4,4% – belsat.eu). Ні ў каго іншага нават і блізка няма такіх дасягненняў. У палітыцы ёсць толькі адно вымярэнне: ці падтрымлівае грамадства тое, што ты кажаш ці не. Ты можаш напісаць сто кніг, але за цябе будуць галасаваць толькі чальцы тваёй сямʼі. Да таго ж, у мяне ёсць вопыт стварэння і кіраўніцтва бізнесам. Ёсць сотні малых спраў, дзе мы дапамаглі людзям за час існавання «Гавары праўду». Няма ўніверсальных правілаў для таго, хто хоча пачаць заваёўваць грамадскі давер.

– Чаму вы не наведваеце мітынгі прадпрымальнікаў?

– Мы ўчора зрабілі заяву і прапанавалі адзін з варыянтаў вырашэння праблемы: даць мясцовым уладам больш паўнамоцтваў для ўвядзення мараторыя на дзеянні тых указаў, якія сёння абмяжоўваюць працу малога бізнесу. Што адносна нашага ўдзелу ў вулічных пратэстах, то на сённяшні дзень мы не бачым такой неабходнасці – гэта нічога не палепшыць.

– Што такое палітыка ў Вашым разуменні?

– Я амаль у кожнага кіраўніка парламенцкай камісіі, з якімі сустракаюся, пытаюся: «Якая функцыя вашых дэпутатаў? ». Амаль заўсёды адказваюць: «Ажыццяўляць дзяржаўную палітыку». Для мяне гэта было адным з адкрыццяў, што яны не разумеюць адрознення паміж чыноўнікам і дэпутатам. Для мяне палітыка – гэта магчымасць грамадства сумесна выпрацоўваць і прыймаць рашэння, быць часткай гэтых рашэнняў, уплываць на іх.

– Вы – уладалюбівы чалавек?

– Не, але кіраваць я ўмею. Я гэта раблю так даўно, што гэта ўжо не пытанне кахання – я люблю, калі справа робіцца. Я ведаю, што я ўмею арганізоўваць і кіраваць. Мне не патрэбна ўлада дзеля ўлады: мне патрэбна ўлада, таму што я хачу нешта зрабіць. І для гэтага трэба заўсёды дзяліцца, гэта немагчыма зрабіць самому, што мы і бачым зараз на прыкладзе Лукашэнкі.

– Калі Вы хлусіце?

– У «Доктары Хаўсе» было: «Усе хлусяць. Пытанне толькі, пра што?». Калі я ілгу? Напэўна, калі лічу, што любы іншы падыход прынясе больш нейкіх стратаў. Хоць стараюся гэтага не рабіць.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў