Канец кулуарных дамоўленасцяў: 5 партый узгаднілі працэдуру вылучэння адзінага кандыдата


Апазіцыйныя сілы прыступілі да падрыхтоўкі прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Сёння адбылася прэс-канферэнцыя, на якой пагадненне аб вылучэнні адзінага кандыдата падпісалі 5 партый з дэмакратычнай «сямёркі» – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

«Прыйшоў час вызначацца, ці гатовыя яны (дэмакратычныя сілы – заўв. рэд.) ісці на кампраміс і адзінства. Для Лябедзькі ёсць праймарыз, для Калякіна – сходы, для «Гавары праўду» – збор подпісаў. Мы прынялі рашэнне спыніць кулуарныя дамоўленасці, якія да нічога не прыводзілі», – кажа Андрэй Дзмітрыеў з «Гавары праўду».

Паводле палітыка, прапанаванае пагадненне кампраміснае і ўлічвае пажаданні кожнай партыі.

«Мы падпісалі гэты кампрамісны варыянт, у якім мы шмат у чым нязгодныя. Мы далі магчымасць нашым калегам вызначыцца і зрабіць пэўны крок. Мы прапанавалі сямёрцы два сцэнары: першы – байкот выбараў праз падтрымку Статкевіча, другі – сцэнар паўнавартаснага ўдзелу праз выкарыстанне «Народнага рэферэндуму». Калі ніхто з іх не прымае, мы будзем далей думаць, што рабіць».

Правядзенне самога кангрэсу, дзе мае адбыцца выбар адзінага кандыдата, запланаваны на канец траўня. Цяпер чакаюцца подпісы ад АГП і «Справядлівага свету».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў