Андрэй Дынько: Беларусы маюць прыстасаваць свае медыі да новай рэальнасці


Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько тлумачыць, чаму выданне робіць націск на інтэрнэт.

Вядомую беларускую газету «Наша Ніва» чакаюць перамены. Выхад папяровага выдання скарачаюць на карысць электроннай версіі. Чытачы змогуць пагартаць газету, якая будзе выходзіць у іншым фармаце – штомесячніка на 24 старонках. «Белсат» паразмаўляў з галоўным рэдактарам газеты «Наша Ніва» Андрэем Дынько.

Беларускамоўныя сродкі масавай інфармацыі маюць быць прыстасаваныя да новай рэальнасці, калі людзі атрымліваюць навіны цягам хвіліны пасля таго, як нешта здарылася, адзначыў спадар Дынько. Паводле яго, звычка на навіны ў газетах будзе страчвацца. «Мы хочам тут абагнаць, мы першыя пайшлі на гэты крок, але мы ўпэўненыя, што праз год ці тры на гэты крок пойдуць звыклыя нам газеты. Няма рады. Інтэрнэт – гэта будучыня сродкаў масавай інфармацыі», – заўважыў галоўны рэдактар «Нашай Нівы».

Шмат людзей перадусім чыталі «Нашу Ніву» ў інтэрнэце, пры гэтым заставаліся падпісчыкамі папяровага выдання, але яно не было ўжо такім запатрабаваным – яны яго не чыталі, а проста складалі ў падшыўкі. Але падпісантаў станавілася штораз менш. Прычым продажы газет знізіліся ва ўсім свеце, падкрэсліў спадар Дынько.

Штомесячнік «Наша Ніва» будзе па-ранейшаму цалкам беларускім выданнем, якім яго звыклі бачыць чытачы. Але яна будзе больш нагадваць «Нашу Ніву», якая існавала ў 1990-ыя гады, калі газета была ў большай ступені літаратурна-мастацкі і філасофскі фармат. «Непазбежна гэтыя рэчы зноў выходзяць на парадак дня для папяровага выдання цяпер. Там будзе аналітыка, публіцыстыка, літаратура, гісторыя і філасофія», – адзначыў Андрэй Дынько.

Пакуль жа рэдакцыя не плануе зрабіць доступ да некаторых рубрык на інтэрнэт-сайце платным, бо гэта практыка пакуль адсутнічае ў нашай краіне. Беларусы не будуць плаціць за інфармацыю, якую яны могуць атрымаць на бясплатных рэсурсах.

«Медыі могуць існаваць як якасныя медыі, даваць праўдзівую інфармацыю для людзей толькі тады, калі яны маюць грошы на сваё ўтрыманне, бо інакш яны робяцца марыянеткамі. Ва Украіне было шмат камерцыйных медыяў, але яны ўсе былі марыянеткамі аднаго ці іншага алігарха, Масквы ці яшчэ некага. І што сталася ў выніку?», – звярнуў увагу спадар Дынько.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў