Андрэй Бандарэнка выйшаў з турмы пасля трох гадоў зняволення


Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку выпусцілі сёння а 9 раніцы з Магілеўскай турмы. Учора суд апраўдаў яго па вінавачванні, якое пагражала працягнуць тэрмін яго зняволення, які скончыўся 31 сакавіка. 

Каля турмы яго сустракаў бацька Валерый Бандарэнка, і яны адразу накіраваліся дадому, у вёску ў Магілёўскай вобласці.

Як паведаміла карэспандэнтка belsat.eu з Магілёва, Андрэй збіраецца ў бліжэйшы час распачаць праваабарончую дзейнасць. Неўзабаве ён будзе збіраць прэсавую канферэнцыю, дзе распавядзе пра ўмовы свайго ўтрымання і праблемы пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі, а таксама план, як гэта можна змяніць.

Андрэй Бандарэнка з бацькам Валерыям Бандарэнка.

Па яго словах, у турме Андрэй не марнаваў часу, падвучыў ангельскую мову і шмат чытаў.

«Яны хацелі зламаць мяне, а я стаў яшчэ мацней», сказаў Андрэй.

Учора Андрэя Бандарэнку апраўдалі, і гэта стала нечаканасцю як для грамадскасці, так і асабіста для яго. Андрэй звязвае гэта з ціскам грамадскасці і медыяў, а таксама знешнепалітычным кантэкстам, у якіх апынулася Беларусь у апошні час.

Сёння па вызваленні Андрэй выказаў падзяку ўсім, хто яго падтрымліваў, асабліва журналістам. Здаралася, што яму не прыносілі пэўны нумар незалежнай прэсы, і тады ён разумеў, што там ёсць артыкул пра яго справу. Такім чынам, ён разумеў, што пра яго не забываюць і яго падтрымліваюць.

ВЧ, belsat.eu

 

 

 

 

 

Глядзі таксама
Каментары