Андрэа Рыгоні заклікае да неадкладнага вызвалення затрыманых беларускіх актывістаў


Адмысловы дакладчык Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых у сувязі з дэманстрацыямі ў сакавіку і штогадовым святкаваннем Дня Волі 25 сакавіка.

Спадар Рыгоні пабываў у Менску ў рамках даследчага візіту 23-24 сакавікі, напярэдані святкавання Дня Волі. У гэтыя дні ён сустрэўся з прадстаўнікамі ўрада, у тым ліку, з кіраўніком дзяржавы, міністрам замежных справаў і спікерамі абедзвюх палат парламента.

Таксама дыпламат сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку, з актывістамі апазіцыі, журналістамі і НДА.

Пасля візіта ў Беларусь спадар Рыгоні пракаментаваў сітуацыю ў нашае краіне:

«Выкарыстанне адміністрацыйных затрыманняў і гвалту дзеля запалохвання апазіцыі выклікае трывогу і асаблівую занепакоенасць у час збліжэння Беларусі і Асамблеі. Усё павінна быць зроблена, каб пазбегнуць таго, што людзі, затрыманыя да пачатку і падчас дэманстрацыяў, стануць палітычнымі вязнямі. Масавыя затрыманні – не рашэнне наяўнасці крытыкі і іншадумства, яны толькі аддаляюць краіну ад еўрапейскіх стандартаў павагі свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і правоў чалавека».

Даклад па сітуацыі ў Беларусі Рыгоні прадставіць Камітэту на красавіцкай сессіі Асамблеі.

ВД, паводле spring96.org

Стужка навінаў