Анатоля Лябедзьку і двух актывістаў АГП затрымалі ў Крупках пасля наведвання райвыканкаму


Анатоль Лябедзька. Фота svaboda.org

У Крупках 2 чэрвеня затрымалі старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і двух актывістаў АГП Дзяніса Красачку і Генадзь Верацінскі.

Як паведаміў праз тэлефон Лябедзька, затрыманне адбылося, калі яны выйшлі з будынку райвыканкаму, куды перадалі прапанову аб правядзенні круглага стала на тэму стварэння новых працоўных месцаў, піша БелаПАН.

«Спынілася машына ДАІ, выйшлі тры працаўнікі міліцыі і сказалі нам праехаць у будынак РАУС», – распавёў лідар АГП.

Паводле яго, перад тым як зайсці ў райвыканкам, прадстаўнікі АГП наведалі мясцовы рынак, дзе раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра сваю партыю для прадпрымальнікаў. Палітыкі таксама зайшлі ў суд, дзе сёння мелі судзіць аднаго з прадпрымальнікаў, каб выказаць салідарнасць з ім, але ў судзе ім паведамілі, што працэс ужо скончыўся.

Лябедзька сказаў, што міліцыянты хацелі выключыць у затрыманых тэлефоны ды іншыя гуказапісвальныя прылады, але яны адмовіліся гэта зрабіць. Свае дзеянні прадстаўнікі праваахоўных органаў тлумачаць неабходнасцю ўстанавіць асобы, дадаў апазіцыйны палітык.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары