Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў за «Шэсце нацыянальнага сцяга»


Кіраўніка АГП суддзя Вікторыя Шабуня прызнала вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які адбыўся ў Менску. Тады пад лозунгамі «Вярнуць уладу народу!» і «Не фальшывым выбарам!» людзі прайшлі маршам ад плошчы Свабоды па праспекце Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа.

Як адзначыў палітык у каментары «Белсату», апазіцыянер прайграе судовы працэс да таго, як ён пачаўся.

«Рашэнні суддзя піша загадзя. І гэта спектакль больш для журналістаў і прадстаўнікоў дыпмісій. Я не называю гэтых людзей суддзямі, гэта палітычныя кілеры. У кастрычніку ў суд Цэнтральнага раёну гораду Менску я хаджу як на працу. Гэта трэці судовы працэс і чацвёртая справа. Набралася недзе з 20 мільёнаў штрафаў, відаць, дрэнна ў скарбніцы».

Анатоля Лябедзьку судзіла Вікторыя Шабуня, якая ўваходзіць у спіс неўязных у Еўразвяз.

«Мяне судзяць за тое, што ў мяне прозвішча такое, Анатоль Лябедзька, і за тое, што я не хачу ўпісвацца ў гэтую сістэму, я хачу яе мяняць. У нас ужо быў прэцэдэнт з Лукашэнкам, які не прышпіліўся. Грамадзянін Лукашэнка можа не выкарыстоўваць канстытуцыю, а грамадзянін Лябедзька не можа», – адзначыў палітык.

Сёння таксама адбудуцца суды над актывістам Вячаславам Сіўчыкам за акцыю 10 кастрычніка і літаратарам Адамам Глобусам за ўдзел у паслявыбарчай акцыі 11 кастрычніка.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў