Анатоль Сідарэвіч нагадаў Кандрусевічу як рыма-каталікі бралі за горла ўніятаў


Прачытаў адкрыты ліст мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Святлане Алексіевіч. Спаткнуўся на адным выказванні.

Мітрапаліт Тадэвуш сцвярджае, што ў Беларусі «гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».

Калі гэта — «гістарычна»? З якога часу? З часоў Рэчы Паспалітай? З царскага часу? Ці з міжваеннага ў Заходняй Беларусі? Дык можна доўга пісаць, як у часы Рэчы Паспалітай нядобра жылося праваслаўным. Як рыма-каталікі бралі за горла ўніятаў (па-цяперашняму — грэка-каталікоў), як іх лацінізавалі. Як абыходзіліся з тымі ж уніятамі за царом, хай раскажа хто іншы. Не вельмі ўтульна пачуваліся за царом і рыма-каталікі. А за «польскім часам» — гэта парадаксальна, але факт — сама горш было беларускім каталікам. Хлопцам-беларусам была зачыненая дарога ў духоўныя семінарыі. Святароў-беларусаў (як, прыкладам, Ільдэфонса Бобіча, ён жа Пётра Просты) змусілі маўчаць. Тых, хто не маўчаў, маглі кінуць і ў турму, як айца Вінцэнта Гадлеўскага, ці запраторыць у Харбін, як айцоў Андрэя Цікоту ці Язэпа Германовіча, выслаць з Вільні ў Слонім — як святара Адама Станкевіча. Ці трэба казаць пасля гэтага, як жылося ў каталіцкай дзяржаве пад хадэкамі, эндэкамі і пілсудчыкамі праваслаўным беларусам? Або баптыстам і пяцідзясятнікам.

Грэх не нагадаць, як у часы Рэчы Паспалітай, за царом і ў міжваеннай Польшчы ставіліся да іўдзеяў. За царом на звярыны антысемітызм хварэлі не толькі праваслаўныя, але і іх каталіцкія браты-хрысціяне. Пра антысемітызм у міжваеннай Польшчы, дзе каталіцызм быў дзяржаўнай рэлігіяй, асабліва пра антысемітызм у час станаўлення Польскай Рэспублікі можна апавядаць са спасылкамі на крыніцы вельмі доўга. Разбой, рабункі, фізічныя расправы, забойствы — вось што зведалі габрэі ад польскіх і апалячаных каталікоў. Хто стварыў гета ва ўніверсітэце імя Сцяпана Батуры ў Вільні, хто змусіў студэнтаў-габрэяў сядзець на асобных лаўках, наводдаль ад хрысціян? Якую веру вызнаваў той рэктар? Калі не памыляюся, ён быў ксяндзом.

Мо Святлана Алексіевіч не зусім дакладна выказалася, але я ўпэўнены, што выказацца так ёй падказала генетычная ці то гістарычная памяць. Тут варт нагадаць, што лёс Алексіевіч пэўным чынам звязаны і з Заходняй Украінай. Няўжо мітрапаліт Кандрусевіч не ведае, як палякі (а яны ж, пэўна, усе ці амаль усе рыма-каталікі) у міжваенны час учынялі «пацыфікацыі» ва Усходняй Галіччыне? Сярод ахвяраў тых «пацыфікацыяў» былі і грэка-каталіцкія святары. Такое не забываецца.

Не думаю, што добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны склаліся ў сучаснай Беларусі. Так, было б дзікунствам рабіць цяпер тое, што рабілі ўлады і цэрквы за часамі Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі ці Польскай Рэспублікі. Ёсць такое паняцце — прымус да міру. Сам дух часу прымушае рэлігійныя аб’яднанні жыць мірна. Але добрымі адносіны не назавеш. Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату мае ў Беларусі манаполію на праваслаўе. І гэтае яе манапольнае становішча падтрымлівае дзяржава. Заснаванне парафіяў іншых праваслаўных юрысдыкцый у Беларусі цяпер немагчымае. А ці магчымае ў Беларусі заснаванне парафіяў, напрыклад, лефеўрыстаў? (Для недасведчаных: лефеўрысты — гэта каталікі, якія не прызнаюць рашэнні ІІ Ватыканскага Сабору)

Скажыце, а паганцы (язычнікі), паклоннікі Сонца і Агню, Перуна і Мокашы маюць права на існаванне, маюць права будаваць свае свяцілішчы і кумірні? Шчыра скажыце, панове праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, іўдзейскія і мусульманскія святары і пастары.

Анатоль Сідарэвіч, nn.by

Глядзі таксама
Каментары