Анатоль Шумчанка: Гэтак нізкай пакупніцкай здольнасці не было ўжо цягам 10-15 гадоў


У Беларусі колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў за гэты год скарацілася больш чым на 3 %. Такія дадзеныя агучыў Нацыянальны статыстычны камітэт. З якімі праблемамі сутыкаюцца прадпрымальнікі і чаму сыходзяць з рынку? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з лідарам грамадскага абʼяднання «Перспектыва» Анатолем Шумчанкам.

Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што ў Беларусі надзвычай істотна знізілася пакупніцкая здольнасць. Гандляры наракаюць на слабыя продажы да адзначаюць, што не назіралі такога ўжо цягам 10-15 гадоў.

«Што датычыць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у гандлёвых цэнтрах, то ўказ № 222, які на наш погляд аказаўся правальным, сапраўды стаю прычынаю негатыўных наступстваў, якія мы назіраем. І гэта толькі пачатак», – адзначыў спадар Шумчанка.

Ён падкрэсліў, што ўказ № 222 быў прыняты без увагі на інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў. «Гэты ўказ прадугледжвае працу па дакументах. Праблема ў тым, што прадпрымальнікі прывозяць дакументы ад фірмаў, якія зарэгістраваныя афіцыйна ў Расейскай Федэрацыі, яны плацяць паводле гэтых дакументаў падаткі, падатковая служба прымае гэтыя аплаты, але гэта не гарантуе для індывідуальных прадпрымальнікаў бяспечнай працы ў будучыні, бо нават праз 5-10 гадоў падатковая можа праверыць зноў усе гэтыя дакументы і налічыць дадаткова штрафы ці прыбыткі ў бюджэт», – заўважыў лідар прадпрымальнікаў.

Яшчэ адна з праблемаў – гэта сертыфікаты. Кіруючыся заканадаўствам Мытнага саюзу, улады Беларусі патрабуюць, каб прадпрымальнікі мелі сертыфікаты на тавар. Дробныя бізнесоўцы праз высокія кошты сертыфікацыі не могуць ёю займацца. Яны мяркуюць, што сертыфікацыя – справа або імпарцёраў, або вытворцаў.

«Таму гэты ўказ № 222 робіць нашу працу небяспечнай, мы не ўпэўненыя ў будучыні, мы не можам на сённяшні дзень планаваць свой бізнес гэткім чынам, каб ведаць: мы заплацілі падаткі і больш мы нікому нічога не павінны. Таму мы з гэтым мірыцца не можам. Гэта так званая пятля на шыі, якая накінутая ў выглядзе ўказу № 222 і якую ўлады могуць зацягнуць у любы момант, і тым самым давесці прадпрымальнікаў да галечы», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў